Завуч Карэліцкага дзіцячага дома Анатолій Бабкоў сэрца аддаваў дзецям
Карэліцкі дзіцячы дом узнік у часы вайны і размяшчаўся ў будынку былой саўгаснай канторы. Туды трапілі дзеці, якіх немцы ў 1943 годзе не давезлі да Германіі з-за ўзарванай партызанамі чыгункі. Іх выратавалі ад голаду мясцовыя жыхары.
Перад адступленнем немцаў дзяцей вывезлі з Карэліч у в. Працяневічы, каб яны не загінулі. Пасля вызвалення раёна іх вярнулі ў Карэлічы і размясцілі ў прасторным памяшканні з кухняй і пральняй. Дзіцячы дом узначаліла спачатку Дар’я Прохарава, потым Варвара Марчанкава, у 1950-я гады — Ніна Цімошанкава. Доўгі час працаваў завучам Карэліцкага дзіцячага дома ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Анатолій Бабкоў.
Бабкоў Анатолій Іванавіч нарадзіўся ў в. Бірча Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў 1919 годзе. Пасля заканчэння сямігодкі з 1936 да 1938 года вучыўся ў Бабруйскім педвучылішчы, а пасля быў накіраваны на працу дырэктарам Мазырскага дзіцячага дома № 2, які знаходзіўся ў Палескай вобласці. У гэты ж час інспектарам па дзіцячых дамах у абласным цэнтры працавала яго будучая жонка Таццяна Іванаўна Гарбацэвіч. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мазырскія дзіцячыя дамы былі эвакуіраваны ў Стаўрапольскі край, дзе Анатолія Бабкова прызначылі завучам Благадарненскага дзіцячага дома. У верасні 1942 года дзіцячы дом эвакуіравалі ў Туркменію. Як сведчаць архіўныя дакументы, Анатолій Іванавіч быў мабілізаваны ў рады Чырвонай Арміі Керкінскім РВК Туркменскай ССР 14 красавіка 1943 года і апынуўся на фронце. Таццяна Гарбацэвіч засталася ў Туркменіі і працавала выхавацелем дзіцячага дома.
Анатолій Бабкоў удзельнічаў у баях пад Арлом і Белградам у складзе 127 гвардзейскага стралковага палка. У час баёў пад Белградам у жніўні 1943 года быў паранены, кантужаны і трапіў у шпіталь. Пасля лячэння стаў курсантам 21 асобнага вучэбнага танкавага палка. У 1945 годзе сяржант Бабкоў у складзе 125 танкавага палка прымаў удзел у баях з Японіяй пад Харбінам на Далёкаўсходнім фронце. Узнагароджаны медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, “За перамогу над Японіяй”.
Дэмабілізаваўшыся ў ліпені 1946 года, Анатолій Бабкоў вярнуўся на радзіму і 15 верасня атрымаў накіраванне на працу ў Карэліцкі дзіцячы дом, дзе быў прызначаны завучам. Яго жонка, Таццяна Іванаўна, пасля заканчэння вайны таксама вярнулася ў Беларусь і разам з мужам пачала працаваць выхавацелем у Карэліцкім дзетдоме. Усё жыццё Бабковы прысвяцілі выхаванню дзяцей-сірот. Анатолій Іванавіч арганізоўваў вучэбна-выхаваўчы працэс у дзіцячым доме, разам з іншымі педагогамі займаўся развіццём і фарміраваннем ведаў і навыкаў, неабходных дзецям у іх далейшым самастойным жыцці. Ён аддаваў асірацелым дзецям не толькі шмат часу, але сваю душу і сэрца.
Былыя выхаванцы дзіцячага дома, якіх мне ўдалося адшукаць, успамінаюць пра яго як пра добразычлівага і справядлівага чалавека, але ў той жа час строгага і патрабавальнага. Святлана Глушчанка, якая знаходзілася ў дзіцячым доме спачатку ў Карэлічах, а потым у Міры, куды яго перавялі ў 1957 годзе, успамінала, што жыццё ў дружным калектыве віравала, выхаванцы разам адзначалі святы і дні нараджэння, ездзілі ў вёскі з канцэртамі, летам адпачывалі ў лагеры на возеры Свіцязь, для іх арганізоўваліся экскурсіі ў Маскву, Ленінград і Крым. У той жа час дзяцей вучылі прыбіраць, шыць, займацца сталярнай і слясарнай справай, дапамагаць дарослым даглядаць падсобную гаспадарку.
Анатолій Бабкоў знаходзіўся ў дзетдоме з раніцы да вечара, арганізоўваў групавыя заняткі па класах, сачыў за вучобай, да кожнага выхаванца паспяваў падысці і дапамагчы, а таксама заахвоціць да ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці. Ён быў фотааматарам і здымаў сваіх выхаванцаў падчас усіх цікавых мерапрыемстваў.
У 1960 г. Анатолій Іванавіч Бабкоў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, у 1966 г. удастоены звання “Заслужаны настаўнік БССР”.
Калі ў 1969 годзе дзіцячы дом расфарміроўвалі, педагогі паклапаціліся пра далейшы лёс выхаванцаў: адных дзяцей забралі сваякі, другіх усынавілі добрыя людзі, а тых, хто закончыў 8 класаў, уладкавалі на вучобу ў тэхнікум або на працу. Святлана Глушчанка працавала на Мінскім гадзіннікавым заводзе і адначасова вучылася, атрымала спецыяльнасць інжынера-праекціроўшчыка, потым працавала бухгалтарам.
Выдатнік народнай адукацыі Анатолій Бабкоў пасля закрыцця дзіцячага дома яшчэ 10 гадоў працаваў у Мірскай сярэдняй школе. Разам з жонкай выгадавалі траіх дзяцей. Усе яны знайшлі сваё прызванне ў жыцці.
Святлана КОШУР