Пра жыццёвы шлях жыхара вёскі Савашы Георгія Сямёнавіча Данько, непаўналетняга вязня фашызму, расказвае яго праўнучка Валерыя Кузьміч
Ніводзін чалавек не застаўся ў баку ад падзей, якія адбываліся ў нашай краіне ў часы фашысцкай акупацыі. Кожны трэці беларус загінуў у барацьбе з захопнікамі. Гэта значыць, што амаль кожная сям’я страціла сваіх родных: бацькі не дачакаліся сваіх дзяцей, жонкі — мужоў, дзеці — бацькоў. Не ўсе тыя, што засталіся жыць, змаглі залячыць нанесеныя вайной фізічныя і душэўныя раны. Але жыццё працягвалася.
Непаўнагадовы вязень фашызму, Данько Георгій Сямёнавіч, нарадзіўся 6 мая 1926 г. ў в. Савашы Карэліцкага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер Гродзенская). Яго бацька, Сямён Макаравіч, быў чалавекам адукаваным, меў некалькі гектараў зямлі. Маці, Сцепаніда Адамаўна, не ведала літар, але добра лічыла. Георгій быў старэйшым у сям’і. Малодшыя браты Павел і Васіль даглядалі меншую сястру Марусю. Жорж дапамагаў маці жаць, сенаваць, палоць грады, гадаваць братоў і сястру. Жылі бедна, таму з сямі гадоў Георгію прыйшлося наймацца пасвіць кароў аднавяскоўцаў, каб дапамагчы сям’і пражыць. Зімой хадзіў у школу, вельмі добра вучыўся, быў здольны да навукі. Але ў 1941 годзе вораг напаў на нашу краіну і перакрэсліў ўсе мары і жаданні.
Ішоў 1942 год. Тэрыторыя Беларусі была акупавана нямецкімі войскамі. Захопнікі пракладалі чыгунку ля Маладзечна. Насельніцтва прымусова забіралі на работу. У асноўным гэта, былі жанчыны, дзеці-падлеткі і мужчыны, якія не падыходзілі да адпраўкі на фронт.
У жніўні 1942 г. Данько Г. С. разам з іншымі непаўналетнімі землякамі Кухарчыкам Міхаілам Севасцьянавічам з в. Савашы і трыма хлопцамі Аляксандрам Іванавічам Лагутам, Аляксандрам Якубцовым і Мікалаем Алендрыкам з суседняй вёскі Зарэчча (дарэчы, двое апошніх прапалі без вестак) быў адабраны на прымусовыя работы. Загадалі прыйсці на пункт збору ў Карэлічы. Там усіх пагрузілі на машыны і даставілі на станцыю Наваельня, адтуль па чыгунцы непасрэдна да месца прызначэння. Так хлопцы апынуліся ў населеным пункце Краснае пад Маладзечнам. Там захопнікі пракладалі чыгунку і размясцілі лагер.
Лагер, дзе ўтрымлівалі палонных, знаходзіўся пад аткрытым небам. Вязні працавалі да канца восені, а ў кастрычніку-лістападзе ў мястэчку, непадалёку ад лагера, успыхнуў пажар. Скарыстаўшы момант, усе пяцёра землякоў вырашылі здзейсніць пабег. Яны абцэнгамі перакусілі калючы дрот і апынуліся ў лесе. Амаль палова лагера збегла тады ў Налібоцкую пушчу. Данько Г.С. са сваімі сябрамі (усе пяцёра трымаліся разам) нядоўга прабылі на волі. Ужо праз суткі іх злавілі ля Стоўбцаў і пасадзілі ў астрог у Івянец, дзе ўтрымлівалі каля тыдня. Далей перавезлі ў лагер г. Мінска.
Праз некалькі дзён усіх пад канвоем чыгункай адправілі ў Польшчу. Там іх размясцілі ў лагеры г. Беластока, дзе правялі санітарную апрацоўку: памылі ў лазні, пастрыглі і выдалі адзенне. Тут прабылі яшчэ некаторы час. Затым пагрузілі ў вагоны для адпраўкі ў Германію. Цягніка не было. Каля двух тыдняў утрымлівалі ўсіх у голадзе і холадзе. Кармілі раз у суткі: 250 грамаў хлеба і пахлёбка з варанай брушкі.
Па прыбыцці ў Германію ўсіх размясцілі ў г. Гамбургу ў раёне Альтона па вуліцы Пальмалія (са слоў Данько Г.С.). Тут іх раздзялілі на «гатункі». Георгій быў добра складзены фізічна і таму трапіў на судна вучнем качагара. Аднавясковец Міхаіл, больш кволага целаскладу, застаўся вучнем токара на мясцовым заводзе. Ужо вясной, прайшоўшы навучанне на маленькім буксіры, Данько Г.С. был адпраўлены качагарам на грузавое судна «Цюбінген». На ім перавозілі па Балтыйскім моры вугаль, цукеркі, іншыя прадукты, а таксама розныя яшчыкі. Заходзілі ў парты: Капенгаген (Данія), Піетарсаары (Фінляндыя), Осла і Кіркенес (Нарвегія) і іншыя. Капітанам судна быў Борнштэйн. У параўнанні з Гамбургам, дзе кармілі дрэнна, харчаванне здавалася барскім. Елі хлеб, супы, кашы, рыбу, масла, бульбу «ў мундзіры», калі-нікалі цукар, а кожную сераду выдавалі батон белага хлеба на чалавека. Разам з беларусам Георгіем працавалі і палонныя з Украіны: Гаўрылей Мікалай з Кіеўскай вобласці Белацаркоўскага раёна Васількіўскага сельсавета (сябра Георгія), Рабуха Міхаіл з Палтаўскай вобласці, Заяц Леанід з Горлаўкі, Саненка Іван з Данбаса, а таксама Кацуба, Пятрэнка, Нічыпарэнка.
23 красавіка па старым стылі (6 мая па новым) 1945 г. быў дзень нараджэння Данько Г.С. Яму выдалі святочны паёк і бутэльку гарэлкі для пачастунку ўсіх сваіх. Гэтай жа ноччу а другой гадзіне пачалася бамбёжка. Судна было разбіта ў Балтыйскім моры амерыканскімі самалётамі. Пачалася паніка. Надзеўшы выратавальныя жылеты, людзі выскаквалі за борт у ледзяную ваду. Шлюпкі ад перагрузкі патанулі. Каля дзвюх гадзін прыйшлося трымацца ў ледзяной вадзе і Георгію. Падабраў усіх нямецкі ваенны карабель і даставіў у Данію, дзе выратаваных пад канвоем размясцілі ў порце на разбітым караблі. Кармілі вельмі дрэнна і ўсяго два разы ў дзень.
Перамогу сустрэлі ў Даніі, у Капенгагене. У той жа дзень палонных адпусцілі з карабля і знялі канвой. Іх прытулілі ў дзяжурцы мясцовыя нямецкія рабочыя. Усіх, хто знаходзіўся ў Капенгагене, адправілі на пару тыдняў адпачыць у бліжэйшы пансіянат. Потым у 40 кіламетрах ад горада разбілі лагер, дзе размясцілі недзе каля тысячы чалавек тых, хто знаходзіўся ў Даніі. Збор працягваўся з мая да сярэдзіны верасня.
Напрыканцы верасня ўсіх адправілі на «рускую зону» ў г. Расток, дзе праходзіла праверка асоб, што вярталіся з палону, і выдача дакументаў. Усё заняло каля 10 дзён. Для адпраўкі на Радзіму ўсіх пагрузілі ў вагоны і выдалі сухі паёк: сухары, банку кансерваў і булку хлеба. Позняя восень, холад, цягніка не было. Георгій банку кансерваў выменяў на шапку і вырашыў ехаць таварняком. Знайшоўся спадарожнік, хлопец з Тамбоўскай вобласці. Разам яны селі на платформу з металаломам і прыехалі ў Літву. Даймалі голад і холад. Далей пераселі на поезд, які перавозіў драўляныя стойкі для шахт, і даехалі да Мінска. Тут яны раз’ехаліся ў розныя бакі: спадарожнік – на Маскву, а Георгій – на Баранавічы. Потым ў Наваельню, а затым у Навагрудак. У сямі кіламетрах ад Навагрудка знаходзіцца в. Рутка. Там жыла цётка Ганна, родная сястра Сямёна Макаравіча, бацькі Георгія. Пехатой да Руткі ён ледзь дайшоў, злёг і захварэў на дызентэрыю. Праз пару дзён муж цёткі Ганны, дзядзька Язэп, запрог каня і павёз Жоржа да бацькоў у родную вёску Савашы, да якой было менш за 10 кіламетраў ад Руткі. Усё падарожжа з Германіі ў Беларусь працягвалася каля тыдня.
Крыху раней за сына з фронту вярнуўся бацька Сямён Макаравіч. Ён ваяваў са жніўня 1944 па жнівень 1945 года. 20.10.1944 года ў раёне горада Аучэ атрымаў раненне, лячыўся ў шпіталі, узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі” і “За адвагу”.
Жоржа пасля вяртання дамоў забралі на тэрміновую службу ў армію, дзе ён у складзе будаўнічага батальёна аднаўляў разбураную Маскву. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную вёску. Пайшоў працаваць у мясцовы калгас. Здавалася, жыццё наладжваецца. Але 4 сакавіка 1950 года супраць бацькі Сымона Макаравіча ўзбудзілі крымінальную справу за пасобніцтва немцам і антысавецкую агітацыю ў гады фашысцкай акупацыі. (Тады ён быў прызначаны старастам вёскі). Суд прызначыў яму 25 год турмы і канфіскацыю маёмасці: карову і 350 рублёў. Зноў выпрабаванні лёсу. Жорж застаўся за гаспадара.
Праз некаторы час Георгій вырашыў ажаніцца, але маці Сцепаніда Адамаўна не дала згоду, загаласіла, спасылаючыся на тое, што сям’і без кармільца не выжыць. Аднак пазней, у 1955 г., Жорж паведаміў маці, што стварае сваю сям’ю. Яму ішоў трыццаты год. Абранніцай стала Гоцка Марыя Васільеўна з суседняй вёскі Горныя Руткавічы. Неахвотна, але маці дала згоду. Вяселле назначылі на 27 лістапада 1955 г. Неўзабаве, за пару дзён да вяселля, прыйшоў дадому бацька.
Летам 1956 г. маладая сям’я пачала будаваць сваю хату. Дзесьці праз год змаглі паставіць зруб і накрыць яго дахам і адразу перабраліся на новае месца. Жорж ніколі не цураўся працы, умеў выконваць усе будаўнічыя работы, бо навучыўся гэтаму ў арміі. Працаваў у калгасе, а выхаднымі хадзіў падзарабіць.
Пераехаўшы з бацькоўскай хаты Жоржа ў сваю, зімавалі ў адным пакоі, бо працягваць будаўнічыя работы не было за што. У кастрычніку 1956 г. нарадзіўся сын Слава. Паціху абжываліся, дабудоўвалі хату, паставілі хлеў, пашырылі гаспадарку. А ў кастрычніку 1961 г. нарадзілася дачка Зіна, якой яны першыя ў вёсцы купілі трыкатажныя дзіцячыя калготкі. Гэта была навінка і раскоша па тых часах.
Ішлі гады, раслі дзеці. Сын Слава вучыўся ў кінематаграфічным тэхнікуме ў Калінінградскай вобласці, дачка Зіна скончыла політэхнічны інстытут. Пажанілі дзяцей. Нарадзілася пяцёра ўнукаў, якіх Георгій Сямёнавіч разам з жонкай Марыяй Васільеўнай дапамагаў гадаваць. Тады ў вёсцы ўсе трымалі сваю гаспадарку, таму дзеці і ўнукі дапамагалі пасвіць жывёлу і хатнюю птушку, палоць грады, збіраць ураджай. Трымалі тады карову, свіней, авечак, курэй, гусей. Большая частка прадуктаў была са свайго падворка.
Калі Георгій Сямёнавіч пайшоў на заслужаны адпачынак, яго ўзнагародзілі медалём “Ветэран працы”. Калі-нікалі ён працягваў хадзіць на работу і дапамагаць мясцовай калектыўнай гаспадарцы на палявых работах, за што з ім увесь час спрачаліся родныя. Пражылі, як казаў сам гаспадар, не горш за іншых. Разам з жонкай вывучылі дзяцей, дапамаглі выгадаваць унукаў. Ішлі гады. У 1994 г. Германія пералічыла кампенсацыю 1200 марак Данько Георгію Сямёнавічу як былому непаўнагадоваму вязню фашызму, а ў пачатку 1996 года – яшчэ 1000 еўра. Праўда, апошнюю суму атрымала за яго жонка Марыя Васільеўна, бо Георгій не дажыў да гэтага часу некалькі дзён: 6 лютага 1996 г. ва ўзросце 69 гадоў Данько Георгій Сямёнавіч пайшоў з жыцця.
Мы часта ўспамінаем свайго прадзядулю, дзядулю, бацьку. Георгій вельмі любіў усіх сваіх родных, паважаў суседзяў і аднавяскоўцаў, таму ў яго хаце часта збіралася шмат гасцей. Гадаваны ў нястачы, Жорж вельмі востра адчуваў патрэбы людзей. Нягледзячы на яго дзёрзкі характар, ён быў чалавекам сумленным, тактычным, інтэлігентным і добразычлівым, заўсёды быў гатовы даць параду і прыйсці на дапамогу. Меў асабісты пункт гледжання. Цаніў сваю сям’ю, заўсёды клапаціўся пра жонку, дзяцей, унукаў. Не цураўся ніякай вясковай працы, ніколі не падзяляў яе на мужчынскую і жаночую. Па сённяшні дзень ён з’яўляецца для нас, нашчадкаў, прыкладам і ўзорам для пераймання.
Валерыя КУЗЬМІЧ, вучаніца 9 класа
ДУА “Гімназія №12 г. Мінска”, праўнучка Г.С. Данько
Фота з сямейнага архіва