В оздоровительном лагере «Радуга» при средней школе №2 г.п. Кореличи отдыхают 28 детей

Лета — доўгачаканая пара для дзяўчынак і хлопчыкаў. Яны мараць адпачыць змястоўна і цікава, набрацца яркіх уражанняў і новых сіл. Як арганізаваны адпачынак наведвальнікаў дзіцяча-аздараўленчага лагера «Радуга» з дзённым знаходжаннем дзяцей у сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы, журналіст гутарыць з яго начальнікам Вольгай Паўлаўнай ПАХОЛЬЧЫК.

— Які рэжым работы лагера і хто ў ім адпачывае?

— Дзіцяча-аздараўленчы лагер «Радуга» з дзённым знаходжаннем  гасцінна расчыніў дзверы 1 чэрвеня і будзе працаваць па 24 чэрвеня з 8 гадзін 30 хвілін да 16 гадзін. Яго наведвальнікі — вучні 1-4 класаў, усяго   28 дзяцей. Створаны два атрады «Усмешка» і «Вяснушкі».

— Якую накіраванасць носіць лагер ?

— Ужо сама назва лагера гаворыць аб асноўным накірунку — фізкультурна-аздараўленчым. Усе старанні супрацоўнікаў накіраваны на тое, каб дзяўчынкі і хлопчыкі займаліся фізкультурай і спортам. Перавага аддаецца рухомым гульням і спартыўным мерапрыемствам на свежым паветры. У выпадку неспрыяльнага надвор’я заняткі праводзяцца ў спартыўнай зале навучальнай установы.

— 2022 аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Што мяркуецца ў лагеры з гэтай нагоды?

— Лагер мае і грамадзянска-патрыятычны накірунак «Беларусь у нашых сэрцах». Мы будзем працаваць па станцыях: штодзённа спыняцца на адной з абласцей Рэспублікі Беларусь і віртуальна разглядаць славутасці і гістарычныя месцы, якія звязаны з Годам гістарычнай памяці. У нас для знаёмства будуць усе вобласці і горад Мінск.

Мы мяркуем наведаць мемарыяльны комплекс «Трасцянец», Брэсцкую крэпасць-герой, Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, кіналекторый «Мая Беларусь» у рамках рэспубліканскага культурна-патрыятычнага кінамарафона «Глядзі і памятай» у Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры. 22 чэрвеня, у Дзень памяці і смутку, накіруемся да мемарыяльнага комплексу «Зорка» ў райцэнтры, каб ускласці кветкі да  падножжа.

— Важнае значэнне ў аздараўленні дзяцей мае харчаванне. Як яно арганізавана?

— Харчаванне трохразовае і вітамінізаванае. У  рацыён уваходзіць садавіна, агародніна, салаты, мяса, рыба — адным словам, разнастайны асартымент прадуктаў. Дзецям страва вельмі падабаецца, і яны з апетытам усё з’ядаюць. Гэтаму яшчэ садзейнічае той факт, што яны шмат рухаюцца.

— Наведвальнікі лагера — вучні пачатковых класаў. Што прадугледзелі  для іх  паўнацэннага адпачынку?

— У лагеры маецца 7 пакояў: 2 гульнявыя, 4 спальні, ізалятар, а таксама — спартыўныя пляцоўка і зала. Дарэчы, спальны пакой арганізаваны па гендарным прынцыпе, а пакой-ізалятар — на выпадак недамагання ці першых яго прыкмет.

Супрацоўнікі лагера клапоцяцца пра дзяцей, яны імкнуцца арганізаваць на добрым узроўні як выхаваўчы працэс, так адпачынак і харчаванне. Дзяўчынкі і хлопчыкі ахвотна прыходзяць сюды, і «Радуга» апраўдвае іх спадзяванні.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ