Язык в ухе, окарина и деревянные ложки. Уникальные блюда и изделия представили кореличские мастера на фестивале национальных культур в Гродно

ХІІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур сабраў у Гродне ўдзельнікаў  з усіх куткоў краіны і замежных гасцей. У яго правядзенні на Аўгустоўскім канале прымалі ўдзел і карэліччане. Яны дзяліліся сваімі самабытнымі напрацоўкамі і пазнаёміліся з іншымі ўдзельнікамі фестывалю.

Загадчык раённага Дома рамёстваў Юлія Баярэнка і майстар разьбы па дрэве Аляксандр Заблоцкі

Загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» Юлія Баярэнка расказвае, што ўзначальваемая ёй установа культуры прадстаўляла на фестывалі традыцыйную карэліцкую кухню нашых продкаў: хрэнавуху, морс з журавін, язык у вуху, мяса, запечанае ў цесце з іржаной мукі, аўсяны кісель, мазгі ў яйках. Карэліччане праяўлялі пры гэтым гасціннасць: запрашалі прадэгуставаць свае стравы прадстаўнікоў афіцыйных замежных дэлегацый і гасцей свята.

Язык у вуху

Асобнае  месца было адведзена і для майстроў. Прадстаўлена выстава народнай творчасці і традыцыйных відаў рамёстваў. Майстар-класы паказалі  рэзчык па дрэве Сяргей Упіравец, які прывёз драўляны посуд, і ганчар Аляксандр Маклюк. Аднымі з найбольш арыгінальных гліняных вырабаў з’яўляюцца свістулькі ў выглядзе маленькіх конікаў, коцікаў, птушак, бараноў — акарыны. Гэтыя вырабы і прадставіў наш майстар на выставе.

Свята аказала вялікае ўражанне на яго ўдзельнікаў. Ужо ў самым пачатку яно ўразіла масавым і святочным шэсцем, парадавала традыцыйнай нацыянальнай кухняй.

Не менш важным з’яўляецца той факт, што фестываль прадоўжыў сваю работу на Аўгустоўскім канале. Гэта вельмі прыгожыя мясціны, прырода дапамагала адчуць хараство роднага краю і важнасць правядзення фестывалю. Удзельнікі змаглі не толькі папрацаваць, але добра адпачыць.

Юлія Баярэнка выказала ўпэўненасць, што такія святы вельмі патрэбныя. Яна запрасіла ўсіх, у каго ёсць такая магчымасць, прымаць у іх удзел. Праўда, праводзіцца фестываль адзін раз у два гады, у наступны раз збярэ сваіх прыхільнікаў у 2024 годзе для  сустрэчы з нацыянальнай культурай, якая заўсёды ў радасць.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анастасіі ЕСЬМАН