Житель агрогородка Оюцевичи Анатолий Гусар своими руками смастерил все навесное оборудование на мини-трактор

У жыцці чалавек імкнецца знайсці не толькі справу па душы, але і любімае захапленне. Як гэта ўдалося Анатолію Анатольевічу Гусару з аграгарадка Аюцавічы, журналіст газеты «Полымя» пацікавілася падчас сустрэчы.

— Анатолій Анатольевіч, раскажыце пра сябе.

— Я — ураджэнец Карэліччыны, сельскі жыхар, з вёскі Лясок. Па прафесіі — электразваршчык. Працаваў на Птушкафабрыцы «Чырвонаармейская»,  заправачнай станцыі № 27 г.п. Мір, цяпер у Аюцавіцкай базавай школе — рабочым.

— Наколькі мне вядома, Вы маеце шмат захапленняў.

— Так. Малюю пейзажы, захапляюся тэхнікай. Набыўшы невялікі трактар, зрабіў усе навясныя прылады для працы: плуг, культыватар, акучнік. На акучнік прыстасаваў бульбасаджалку, і ён стаў універсальным. А яшчэ раблю розныя вырабы, вяду ў школе гурткі «Маляванне» і «Мастацкае выпілоўванне». На занятках адкрываю дзецям сакрэты прыгожага, тым самым прывіваю любоў да навакольнага свету.

— Што яшчэ блізка душы?

— Кавальская справа. Як гаварыў, усё да тэхнікі раблю сваімі рукамі. Для душы, акрамя малявання, займаюся чаканкай і разьбой па дрэве. Гэта дае вялікае задавальненне, гэта маё хобі, мой адпачынак для душы ў вольны час. Думаецца, калі мяне гэта радуе, дык людзей таксама.

— Дзень вынаходніка і рацыяналізатара лічыце сваім?

— У нейкай ступені, бо люблю ўсё новае і прагрэсіўнае. Я па натуры такі чалавек, у якога трэба, каб усё працавала і круцілася вакол.

— У Вашым разуменні, што такое прыгажосць?

— Усё, што сэрцу міла. Для мяне гэта яшчэ і музыка, яна ўзнімае настрой, дае натхненне, вяртае ў маладосць. З песняй лягчэй жыць, яна глыбока кранае душу, а душа прагне менавіта прыгажосці.

— Што, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб свет стаў лепшым?

— Каб мы сталі трошачкі дабрэйшымі адзін да аднаго, беражлівымі да прыроды і жыцця. Каб не забывалі сваіх каранёў і бацькоўскую хату.

— Аб чым Вы марыце?

— Каб наша радзіма квітнела, каласіліся палі збажыной, цвілі сады, гучалі галасы дзяцей і быў мір на зямлі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ і з архіва героя