Обнаружена просрочка. Что показал рейд по продуктовым магазинам агрогородка Жуховичи?
Жухавіцкая зямля славіцца добрымі ўраджаямі і працавітымі людзьмі, і тут умеюць ладзіць святы. А як наладжана гандлёвае абслугоўванне, высвятлялі члены рэйду — журналіст «Полымя» і супрацоўнік Карэліцкага райЦГЭ. Падчас рэйду праверылі захаванне тэрмінаў выкарыстання харчовых прадуктаў.
У прыватным унітарным прадпрыемстве «Гранд Гудвін» звярнулі ўвагу на ліверную каўбасу «Пяшчотную паштэтную». Як высветлілася, у яе належны тэрмін для ўжывання, а пасля таго, як дасталі з вакуумнай упакоўкі, яна страціла знешні выгляд. Тэрмін захавання ў вакууме — 12 сутак, пры парушэнні цэласнасці ўпакоўкі прыгодная 72 гадзіны. «Учора з раніцы ўскрыла ўпакоўку, і каўбаса без цэлафана абветрылася», — удакладняе прадавец Кацярына Юшко.
Другі прыклад у гэтай гандлёвай кропцы: каўбаса «Асалода-прэміум» вышэйшага гатунку мела прывабны выгляд, але была пратэрмінаваная. Прадукт выпушчаны 6 сакавіка, захаванасць складае 90 сутак. Як гаворыцца, не ўсё золата, што блішчыць.
На кандытарскую прадукцыю ў гэтым магазіне тэрміны выконваюцца, а малочная прадукцыя рэалізуецца ў адпаведных умовах — захоўваецца ў халадзільным абсталяванні.
У магазіне «Родны кут» Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства без маркіроўкі былі цукеркі: «Эксклюзіў» (138 г коштам 18 руб. 54 кап. за 1 кг), «Снегіры» (796 г коштам 15 руб. 31 кап. за 1 кг), «Суфле» (394 г коштам 15 руб. 81 кап. за 1 кг).
У магазіне прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Жухоринко» гутарым з яго дырэктарам Аляксандрам Шадрыным.
— Што карыстаецца попытам?
— Больш за ўсё зараз напіткі і марожанае. Зімой — кансервы, гарбата, кава, каўбаса… Хаця каўбасныя вырабы купляюць круглы год.
— Якім чынам задавольваеце пакупнікоў?
— Наведвальнікі выказваюць пажаданні, і мы імкнёмся іх выканаць. Таму ў магазіне разнастайны асартымент тавараў.
У гэтай гандлёвай кропцы без адпаведнай інфармацыі быў у продажы арахіс вагой 2 кг 600 г коштам 11 руб. 20 кап. за 1 кг, прадукт быў зняты з продажу. У халадзільным абсталяванні для каўбасных вырабаў тэрмометр знаходзіўся ў няспраўным стане.
У магазіне «Асарці» прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Регион-Воин-Медиа» г. Баранавічы адзначаны наступныя парушэнні: крабавыя палачкі ляжалі ў адной халадзільнай камеры з пяльменямі; была парушана цэласнасць упаковак з курынымі паўфабрыкатамі; без інфармацыі захоўваўся шашлык вагой 1 кг.
За 6 месяцаў 2022 года дзяржаўнай установай «Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» праведзена 97 абследаванняў гандлёвых аб’ектаў. У 84 выпадках выяўлены парушэнні санітарна-эпідэміялагічных патрабанняў.
Па выніках маніторынгаў у адрас суб’ектаў гаспадарання накіраваны 73 рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых парушэнняў (недахопаў). Вынесены 22 прадпісанні аб зняцці з абароту прадукцыі агульнай вагой 78,872 кг і 24,02 л. Прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці 4 юрыдычныя і 11 фізічных асоб.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена Карэліцкім райЦГЭ