5 падзей тыдня вачыма дырэктара Карэліцкай раённай бібліятэкі Ліліі Арцюх

1. Рабочая паездка Прэзідэнта ў Мядзельскі раён.
Наш Прэзідэнт пабываў ва ўнікальным месцы — сельскагаспадарчым філіяле ААТ «Мінскаблаграсервіс». Гэта пілотны праект стварэння з нуля сельскагаспадарчай арганізацыі, якая эфектыўна функцыянуе. Сельгаспрадпрыемства было створана фактычна з нуля за кошт аб’яднання сельгасугоддзяў, якія раней неэфектыўна выкарыстоўваліся. Гэта яшчэ раз даказвае, што дрэнных земляў няма. Важна прыстасаваць да іх культуры і выконваць тэхналагічныя працэсы — і зямля аддзячыць шчодрым ураджаем.

2. Асабісты прыём старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка ў аблвыканкаме.
Кожнаму з нас важна быць пачутым уладай. У Беларусі ўсе ўзроўні выканаўчай улады адкрыты для людзей. Са сваім пытаннем можна звярнуцца абсалютна да любой службовай асобы праз тэлефон, электронную пошту, трапіць на асабісты прыём.

3. Газета «СБ. Беларусь сегодня» адзначыла 95-годдзе.
Гэтую газету з задавальненнем чытаюць наведвальнікі нашай бібліятэкі. Асабіста я выпісваю яе дадому і чытаю ад першай да апошняй старонкі. Асабліва люблю чытаць аўтарскую журналістыку, дзе аналізуюцца падзеі як унутры краіны, так і за мяжой. Кранаюць душу матэрыялы, прысвечаныя тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

4. Прэзентацыя кнігі “Сёстры Хатыні” ў Гродне.
У гэтай кнізе апублікаваны матэрыял, прысвечаны трагедыі вёскі Новае Сяло Карэліцкага раёна. Неўзабаве гэтая кніга з’явіцца ў нашай бібліятэцы і стане добрай дапамогай у працы з маладым пакаленнем.

5. Дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу разам».
Я з’яўляюся членам РА ГА “Беларускі саюз жанчын”, у бібліятэцы дзейнічае прафсаюзная арганізацыя. Гэтыя арганізацыі ў першую чаргу бяруць на сябе клопат аб сем’ях, якія адчуваюць цяжкасці са зборамі дзяцей ў школу. Мы зробім усё, каб кожнае дзіця 1 верасня ўсміхалася.

Запісала Іна ЛЕЙКА