5 падзей тыдня вачыма галоўнага спецыяліста раённага Савета дэпутатаў Вольгі Кулякі
Пасяджэнне Савета Міністраў
Адна з важных тэм, узнятых на пасяджэнні Савета Міністраў, якое адбылося на гэтым тыдні, — стварэнне невялікіх вытворчасцей у раённых цэнтрах, «адток з Мінска». Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, гэта «палітычнае рашэнне». Для нашага аграрнага раёна, які мае вострую патрэбу ў стварэнні новых рабочых месцаў, захаванні кадраў, гэта з’яўляецца стратэгічна першачарговай задачай, над рэалізацыяй якой на сённяшні дзень працуе ўся наша кіраўнічая вертыкаль.
Форум патрыятычных сіл
Не прысутнічала, але душой і сэрцам была датычная да свята адзінства, якое аб’яднала неабыякавых беларусаў з усіх куткоў краіны на Форуме патрыятычных сіл у Купалаўскім тэатры. Літаральна зусім нядаўна мы з асцярожнасцю маглі прысвоіць сабе як дзяржаве статус грамадзянскай супольнасці. А сёння смела заяўляем, што будуем усвядомленую грамадзянскую супольнасць, нягледзячы на санкцыйныя і інфармацыйныя ўдары. Менавіта так, супрацьстаючы пагрозам і выклікам, неканструктыўна настроеным сілам, мы развіваемся і рухаемся наперад.
«Гарачыя дні»
Уважліва адсочваем зводку з палёў, радуемся поспехам «маякоўцаў», жухавіцкіх, племзаводскіх і свіцязянскіх хлебаробаў, у думках падтрымліваем адстаючых, молімся за сельскіх працаўнікоў. Вельмі хочацца патрапіць у тройку абласных лідараў, дагнаць і перагнаць зэльвенскіх аграрыяў. Давайце паднаціснем, карэліччане!
Першае знаёмства з новым старшынёй абласнога Савета дэпутатаў
Адбылася першая рабочая сустрэча ў рэжыме анлайн-брыфінгу з новавыбраным старшынёй Савета абласнога ўзроўню Пасюта Аленай Васільеўнай. Першыя ўражанні — граматны падыход да справы, прафесійны стыль кіраўніцтва, вопыт дэпутацкай дзейнасці.
І першае даручэнне раённаму дэпутацкаму корпусу – далучэнне да абласнога інфармацыйнага праекта “Равеснікі маладой Беларусі”. Упэўнена, што годна прадставяць наш раён на інфармацыйным полі Гродзеншчыны і нашы маладыя людзі, паспяхова праявіўшыя сябе на рабочым месцы, якім сёлета споўнілася або споўніцца 31 год. Менавіта столькі гадоў нашаму Асноўнаму Закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу»
У раёне, як і ва ўсіх рэгіёнах краіны, пачаты адлік штогадовай дабрачыннай акцыі, у якой бяруць удзел усе, хто дапамагае падрыхтавацца да школы дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзецям з інваліднасцю, дзецям сем’яў мігрантаў з Украіны, а таксама іншым рабятам, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Традыцыйна не застанецца ў баку ад гэтай добрай місіі і раённае аддзяленне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд».