Бульба ў капелюшы і бульба-багатыр. У Цырыне адсвяткавалі «Бульбяны разгуляй»
20 жніўня аграгарадок Цырын ператварыўся ў сапраўднае свята, дзе віталі беларускую прыгажуню і карміцельку — бульбу. Мясцовыя жыхары і госці вёскі сабраліся на пляцоўцы каля Дома культуры. Бульба была літаральна ўсюды: на сталах у складзе смачных страў, на выставе сельгаспрадукцыі, у кашах і гаршчках для ўпрыгожвання імправізаванай сцэны, нават у песнях, танцах і конкурсах. Сапраўдная бульбяная феерыя па-цырынску!
Цяжка ўявіць, што яшчэ менш за 500 гадоў таму ні ў Еўропе, ні ў Беларусі пра бульбу нічога не ведалі, а сёння яе вырошчваюць у 130 са 167 краін свету. Радзіма бульбы — Чылі. Спачатку клубні прывезлі ў Еўропу, перш за ўсё ў Іспанію, дзе яны мясцоваму насельніцтву не спадабаліся. У Расію бульбу завезлі пры Пятры I. Спачатку сяляне не хацелі яе садзіць і есці, але калі пачаўся голад, то менавіта дзякуючы гэтай агародніне многія выратаваліся.
Сёння бадай што кожнаму беларусу цяжка ўявіць сваё жыццё без бульбы. З яе гатуюць вялікую колькасць прысмакаў. Вось і ў Цырыне госці спачатку накіраваліся ў бульбяное кафэ “Пальчыкі абліжаш”, дзе можна было паспрабаваць рознай смакаты. Цырынскія жанчыны, якія наведваюць аматарскае аб’яднанне “Надзея” пры мясцовай бібліятэцы і славяцца сваім кулінарным майстэрствам, частавалі ўсіх ахвочых. Дранікі з бульбы, дранікі з бульбы і кабачкоў, бульба фры, бульбяны салат з курыцай, агурком, морквай і сырам, лаваш з бульбай, які носіць паэтычную назву “Бульба ў капелюшы”. “Святочная бульба” асабліва прыйшлася даспадобы дзецям: запечаныя кавалачкі бульбы з каўбасой, маянэзам, кетчупам і сырам. У цэнтры стала – свінка з парасятамі, таксама з бульбы. Рэцэпт просты: фарш, пасіраваныя цыбуля і морква, зверху бульбяное пюрэ.
Жыхары вёскі Церавічы Уладзімір і Аляксандра Шамкаловічы прывезлі на святочны кірмаш мёд. У іх гаспадарцы зараз 4 домікі, раней было 20. Майстэрству бортніцтва Уладзіміра Паўлавіча навучыў яго бацька, так з гэтай справай мужчына і ідзе па жыцці.
-Сёння мы прывезлі некалькі слочкаў ліпавага мёду, але ён не кожны год бывае. І ліпы могуць цвісці, а нектара няма. Няпростая гэта справа, але я ўсё жыццё гэтым займаюся, — гаворыць мужчына.
Падсілкаваўшыся, можна і ў скокі. Конкурс “Шустры паваронак”, у якім прынялі ўдзел мужчыны, узняў настрой і не пакінуў раўнадушных сярод гледачоў. Сапраўды, нельга было не ўсміхнуцца, гледзячы, як салідныя мужчыны завязвалі фартухі і касынкі, бралі гаршчэчнікі і насілі ў чыгунках бульбу на хуткасць.
Дзеці таксама паказалі свой спрыт у конкурсах “Танцы з бульбай” і “Снайпер”.
Старшыня Цырынскага сельвыканкама Аксана Гомза прывітала ўсіх гасцей свята, адзначыўшы, што менавіта цырынцы актыўней за іншых карэліччан вырошчваюць другі хлеб беларусаў. Справа ў тым, што на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца навукова-практычнае прадпрыемства “Ніка”, якое спецыялізуецца на вырошчванні насеннай бульбы. Ды і мясцовы сельгаскааператыў “Лукі-Агра” таксама адводзіць пэўныя плошчы пад бульбу.
Сілакова Ксенія з мужам Яўгенам і сынамі Кірылам і Паўлам прыехала ў Цырын на выхадныя да бацькоў:
-Мы наведваем усе святы ў Цырыне: Івана Купалу, Мядовы фэст, сёння вось “Бульбяны разгуляй”. Удзельнічаем у конкурсах, спяваем, танцуем. Гэтае свята — добрыя провады лета.
Яе сястра Анастасія Спечак гаворыць:
-Такія святы аб’ядноўваюць вяскоўцаў. Сёння мы ўбачылі столькі аднакласнікаў, сапраўдны вечар сустрэчы атрымаўся.
Мінчанка Юлія Ласоўская і яе чацвёра дзетак: Лера, Ніка, Кірыл і Арсеній прыехалі да сваякоў у вёску Высадавічы.
-Як толькі даведаліся, што будзе свята, адразу вырашылі, што паедзем сюды. Мы ўпершыню на такім вясковым свяце, дзеці вельмі задаволены, ёсць дзе пабегаць.
Кульмінацыяй свята стаў конкурс “Бульба-багатыр”, у якім перамог жыхар Цырына Віктар Кажура. Ён змог вырасціць на сваім прысядзібным участку клубні вагой у 400 і 385 грамаў.
Імгненні свята
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара і Ларысы ШУГЛІ