Карэліччане расказваюць, дзе яны адпачывалі гэтым летам

Пётр БУЛЯК,

дырэктар ДУА «Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»:

— Я па спецыяльнасці географ-біёлаг, і мне цікава вывучаць сваю краіну. У гэтым годзе падарожнічалі разам з жонкай Вольгай.  Для экскурсіі выбралі горад Гродна, сядзібу Святаполк-Чацвярцінскіх у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна. У г. Масты паглядзелі самы вялікі падвясны мост даўжынёй 193 метры. Адным словам, у Беларусі шмат цікавых мясцін, і іх  трэба наведваць.

 

Святлана САНЦЭВІЧ,

старшыня РА «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа»:

— Адпачывала  разам з сям’ёй на дачы ў бацькоўскай хаце. Непадалёку знаходзяцца возера Свіцязь і багаты на грыбныя і ягадныя мясціны лес. Важна даглядаць бацькоўскую хату, а не кідаць, як гэта, на жаль, некаторыя робяць.

 

Галіна КАРП,

дырэктар Карэліцкага цэнтра селекцыі і генетыкі РУСП «Гродзенскае племпрадпрыемства»:

— Была на Гомельшчыне, сваёй маленькай радзіме. Пашанцавала ўдвайне: праводзіўся Міжнародны фестываль «Кліч Палесся-2022». Кранула  душу выступленне фальклорных калектываў Беларусі, ансамбля «Харошкі», выканаўцаў Гомельскай філармоніі, зносіны з удзельнікамі свята. Сустрэлася з родзічамі, а яшчэ наведала і  Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці, у якім таксама жывуць сваякі, — і на душы пацяплела. Па дарозе дамоў, а праехала пяць абласцей Беларусі, не раз адзначала пра сябе: якая наша краіна прыгожая і чыстая.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ і з архіва газеты «Полымя»