Карэліччанін Сяргей Столяр пра ўдзел у першым пасяджэнні Маладзёжнага парламента другога склікання пры Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь: “Мы атрымалі магчымасць агучыць свае ідэі на дзяржаўным узроўні”

Першае пасяджэнне Маладзёжнага парламента другога склікання пры Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь адбылося 5 жніўня. Парламентарыі сабраліся для працы ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У пасяджэнні прыняла ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава. 138 маладым людзям даверана прадстаўляць свае рэгіёны. Карэліцкі раён прадставіў педагог, член Маладзёжнага парламента Сяргей Столяр (на фота — другі крайні злева).

— Вельмі ганарова і адказна прадстаўляць наш раён на такім высокім узроўні, — адзначае Сяргей. — Мы атрымалі магчымасць агучыць свае ідэі на дзяржаўным узроўні. За гэтыя два дні тут прагучала вельмі шмат розных ідэй па паляпшэнні якасці працы і жыцця. Не магу ўявіць, колькі ідэй народзіцца і ўвасобіцца за два гады працы другога склікання. Я ўваходжу ў камісію па пытаннях адукацыі і навукі і ўжо сёння, размаўляючы з калегамі, даведаўся шмат цікавых форм працы, у мяне з’явіліся ідэі, якія можна было б прапанаваць для ўвасаблення ў нашым раёне. Адна з такіх ідэй павінна паслужыць развіццю турызму ў раёне. Разам з вучнямі мы аб’ехалі амаль увесь Карэліцкі раён, які мае вялікую колькасць прыгожых помнікаў архітэктуры, але пра іх мала хто ведае. Можна арганізаваць своеасаблівую гульню, у якой удзельнікам неабходна праехаць па гэтых месцах, даведацца пра іх і атрымаць адзнаку аб наведванні. Затым сабраць усе гэтыя адзнакі і атрымаць памятны падарунак.

Канструктыўнымі былі зносіны з Наталляй Качанавай, якая асабліва падкрэсліла, што людзі павінны бачыць вынікі працы Маладзёжнага парламента.

Іна ЛЕЙКА