Жительница деревни Лядки Еремичского сельсовета Нина Сергеевна Самец вспоминает, как в январе 1943 года нацисты уничтожили 77 сельчан и сожгли родное село

— Амаль 80 гадоў прайшло, а я памятаю тую чорную ноч 14 студзеня 1943 года як учора, — расказвае 85-гадовая жыхарка вёскі Лядкі Ярэміцкага сельсавета Ніна Сяргееўна Самец. – У тую ноч фашысты загубілі 77 вяскоўцаў, а раніцай спалілі нашу вёску дашчэнту. Сярод забітых — два мае маленькія стрыечныя браціка Ваня і Коля Мажэйкі, іх мама Ганна і мае дзядуля з бабуляй.

…Да вайны жыццё ў Лядках было ціхім і няспешным. У будні вяскоўцы займаліся штодзённай работай, у святы адпачывалі і маліліся Богу. У сям’і Нарон (дзявочае прозвішча Ніны Сяргееўны) было чацвёра дзяцей: Ніна, Марыя, Валянціна і маленькі Саша. Тата Сяргей Мацвеевіч і мама Марыя Аляксандраўна працавалі на ўласнай гаспадарцы.

— У нас быў добры конь, зямля, карова. Жылі з уласнага мазаля. Дзеці з маленькіх гадоў прывучаліся да працы, — успамінае Ніна Сяргееўна. — Але наляцела вайна праклятая. Праз некаторы час браты маёй мамы пайшлі ў партызаны. Вядома, вяскоўцы дапамагалі ім чым маглі. Мама пякла ім хлеб. Я памятаю гэтыя боханы чорнага і белага хлеба, якія ляжалі на стале.

“З ліпеня 1941 года ў Лядках дзейнічала падпольная камсамольская маладзёжная група пад кіраўніцтвам А. Ф. Бянецкага. Пазней падпольшчыкі ўліліся ў партызанскі атрад

“Камсамолец”.

(Кніга “Памяць. Карэліцкі раён”)

Ноччу 14 студзеня 1943 года вёску Лядкі акружылі гестапаўцы і паліцаі. Забрахалі сабакі. Адзін селянін выйшаў на двор паглядзець, што здарылася. Фашысты загадалі яму паказваць партызанскія хаты. Каля кожнай хаты ставілі вартавога, каб ніхто не выйшаў. Прайшлі так па ўсёй вёсцы. Літасці не было нікому: ні малым, ні старым.

“Па загаду гестапаўцаў члены сям’і кладуцца адзін на аднаго на зямлю тварам уніз: маці, абняўшы сваіх малых дзяцей, далей бацька, дарослыя сыны і дочкі. У некаторых дамах людзей застрэлілі там, дзе засталі: за сталом, на печы, на ложку. Мала каму пашчасціла. Здаралася, калі паліцэйскія заходзілі ў хату, бацькі хапаліся за вінтоўку, даючы магчымасць выратавацца хоць каму з дзяцей. Тых, хто нерухома ляжаў сярод трупаў, каты палічылі за мёртвых, і яны засталіся ў жывых. Калі скончылася крывавая ноч, сонца заглянула ў сялянскія вокны. Ручаі крыві, разбітыя дзіцячыя галовы, трупы жанчын і старых ляжалі ўсюды…”

(Кніга “Памяць. Карэліцкі раён”)

Раніцаю, калі ўсё сціхла, Нароны рушылі да сваякоў.

— Мама ўсю дарогу бегла і  малілася за сваіх бацькоў, жонку і дзетак свайго брата-партызана, — успамінае Ніна Сяргееўна. – Памятаю, мы падбеглі да хаты, там дзверы насцеж і так ціха-ціха. А ў хаце, на падлозе, усе нашы ляжаць забітыя: дзядуля Саша, бабуля Ганна, маленькія Ваня і Коля, іх мама Аня. Я да брацікаў падышла, стала падымаць, кажу: уставайце-уставайце, дзеткі! Мама заплакала: не ўстануць яны ўжо, дочачка.

Днём уцалелыя вяскоўцы хавалі сваіх родных, суседзяў. Такой вялікай жалобы Лядкі раней не ведалі: 77 чалавек не стала за адну ноч… Нароны пахавалі сваіх родных у Ярэмічах у адной вялікай труне. Раптам прыйшла вестка: фашысты едуць паліць вёску. Людзі, не паспеўшыя як след аплакаць сваіх родных, кінуліся ў лес. А нацысты запалілі вёску з розных канцоў, пакінуўшы пасля сябе толькі папялішча.

— Вярнуўшыся з лесу, людзі сталі капаць зямлянкі. На шчасце, у скляпах была такая-сякая ежа. У нас была бульба, бочкі з квасам і з капустаю. Гэта мы і елі. Цяжка было. І сёння як успомню тых людзей і нашых родных, дык і плачу,  — са слязьмі ўспамінае Ніна Сяргееўна. – На могілках яны ўсе ляжаць у адным радку, а маглі б жыць…

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц