Пяць падзей тыдня вачыма дырэктара Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Святланы Гавіны

Тэма грамадзянства

6 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях удасканалення заканадаўства аб грамадзянстве і правядзенні амністыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэме грамадзянства заўсёды ўдзяляецца самая пільная ўвага. У асноўным па дзвюх прычынах. «З аднаго боку, мы непакоімся аб бяспецы нашай дзяржавы. З другога, добрапрыстойныя  і працавітыя грамадзяне — самае галоўнае багацце нашай краіны, — растлумачыў Прэзідэнт. — Мы рады вітаць на беларускай зямлі тых, хто шчыра жадае стаць грамадзянінам нашай краіны і ўнесці свой уклад у яе развіццё».

 

Дзень, які нас аб’ядноўвае

У Дзень народнага адзінства, 17 верасня,  і напярэдадні яго ва ўсёй краіне і ў Карэліцкім раёне праходзяць дыялогавыя пляцоўкі, флэшмобы, канцэрты. Гэта дзень, які нас аб’ядноўвае і дае магчымасць пераканацца, што мы адзіныя ў сваіх памкненнях. Галоўнае для нас — мір на зямлі і сяброўства паміж народамі.

 

Высокая ўзнагарода

На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва прайшоў форум педагагічных работнікаў у галіне культуры: «Адукацыя ў галіне культуры: ад традыцый да новых магчымасцей будучага». На форуме была ўручана Падзяка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь  настаўніку ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў» Анастасіі Уладзіміраўне Чычкан за шматгадовую працу і высокі прафесіяналізм.

 

Дарогу — маладым

У 2022 годзе ў калектывы дзіцячых школ мастацтваў Карэліцкага раёна прыйшлі два маладыя спецыялісты. Валерыя Аляксандраўна Шарэйка прыступіла да работы настаўнікам па класу флейта ў ДУА «Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў», Мікіта Сяргеевіч Турбан — настаўнік па класу валторна ў ДУА «Мірская ДШМ».

 

Таленты побач

У новым навучальным годзе дзверы нашай музычнай школы адчынены для ўсіх жадаючых перамагаць і дасягаць новых вяршынь. У пацвярджэнне таму, што нашы дзеці таленавітыя, атрыманы 5 пасведчанняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА