Старшы следчы Карэліцкага раённага аддзела Следчага камітэта Юрый Грышкевіч: «Ад якасці нашай працы залежаць бяспека і дабрабыт жыхароў раёна»
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь называюць самым маладым ведамствам нашай краіны. 12 верасня 2011 г. Прэзідэнт падпісаў Загад № 409 “Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь”. Аб асаблівасцях працы ведамства ў Карэліцкім раёне мы пагаварылі са старшым следчым Следчага камітэта маёрам Юрыем Грышкевічам.
— Юрый Мікалаевіч, чаму Вы выбралі такую прафесію?
— У 2002 годзе я паступіў на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС. Тады прафесія следчага мне была зусім незнаёмай, незразумелымі былі ўсе нюансы. Падабалася работа ў міліцыі і хацелася быць на варце законнасці: змагацца са злачыннасцю, шукаць бандытаў, расследаваць крымінальныя справы. Быў цікавы сам працэс ад моманту выезду на месца здарэння да таго, як адправіць справу ў суд.
Знайсці сляды злачынцы, даказаць віну падазраванага, і, калі яго асудзяць, гэта будзе вынік тваёй работы. У першую чаргу хацелася аказваць дапамогу пацярпелым. Магчыма, нейкія фільмы паўплывалі на гэта. Ад якасці нашай працы залежаць бяспека і дабрабыт жыхароў раёна, вера людзей у вяршэнства справядлівасці. Таму кожны наш супрацоўнік да сваёй працы ставіцца адказна, добрасумленна.
— Ці памятаеце свой першы выезд на месца злачынства?
— Гэта быў 2007 год, мой першы працоўны дзень. Я прыйшоў на працу, і мяне накіравалі на месца злачынства. Гэта была вёска Паланая, дзе быў здзейснены крадзеж з мехмайстэрняў. Група злачынцаў ускрыла замок і скрала дэталі ў даволі вялікіх памерах. Выехалі, агледзелі месца здарэння, (я быў яшчэ нявопытны, дапамагалі старэйшыя калегі), у той жа дзень знайшлі злодзеяў і канфіскавалі ўсё нарабаванае.
— Які выпадак за 15 гадоў практыкі самы цікавы?
— Складана назваць самы цікавы. Больш запамінаецца менавіта тое, калі ловіш злодзея. Напрыклад, быў выпадак у в. Лясок, дзе быў здзейснены крадзеж з крамы. Вынеслі алкаголь, прадукты, цыгарэты. Мы прыехалі на месца здарэння, агледзелі, выйшлі на двор, вывучылі прылеглую тэрыторыю і ўбачылі непадалёк сцірту саломы. Сам не ведаю чаму, але ўзнікла думка паехаць, паглядзець. І вось там, у гэтай саломе, сядзелі злодзеі, якія здзейснілі крадзеж, і ўжывалі нарабаванае, далёка не адыходзячы.
— У апошні час здзяйсняецца вельмі шмат кіберзлачынстваў. Як адбываецца пошук Інтэрнэт-махляроў, і які працэнт раскрывальнасці такіх злачынстваў?
— Тэма набалелая. Працэнт даволі нізкі, бо махляры пастаянна ўдасканальваюць свае прыёмы работы. Толькі мы выпрацуем алгарытм працы, яны ўжо іншую вуду закідваюць. Змагацца з імі вельмі складана. Мы пачынаем з таго, што аглядаем усе лічбавыя прылады, на якія паступалі званкі альбо паведамленні; затым, калі бачым, што гэта адбывалася з-за мяжы, накіроўваем даручэнне аб аказанні міжнароднай дапамогі. Шукаем людзей, на імя якіх зарэгістраваны нумар альбо ІР-адрас, яны, як правіла, нічога не ведаюць аб гэтым, махляры проста маскіруюцца пры дапамозе спецыяльных праграм. У нас распрацавана аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма “След”, куды мы заносім усе лічбавыя дадзеныя. Напрыклад, да нас прыходзіць чалавек і кажа, з якога нумара яму тэлефанавала, напрыклад, “служба бяспекі банка”. Мы заносім гэты нумар у базу АІС і бачым, што з яго падманулі ўжо 20 чалавек. Работа вядзецца, але ўстанавіць асобу злачынцы вельмі складана. Лепш за ўсё захоўваць пільнасць і не раскрываць свае дадзеныя староннім асобам, кім бы яны не называліся: супрацоўнікам міліцыі, службы бяспекі, банка. А тэлефануюць усім, і мне тэлефанавалі. Усюды ёсць папярэджанні: і ў СМІ, і ў школах пра гэта расказваем, распрацаваны плакаты, лістоўкі, але людзі ўсё роўна вераць.
— Як Вы праводзіце свой адпачынак? Чым займаецеся ў вольны час?
— Адпачываю з сям’ёй. У мяне двое дзетак, разам з імі выязджаем на прыроду, бавім час. З моманту прыходу на працу займаюся паляваннем. Таксама люблю з вудай пасядзець. Але ўсё ж больш за ўсё адпачываю з сям’ёй.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара