В ГП «Царюка» убрано 54% площадей сахарной свеклы

У ДП «Царука», дзе пад цукровымі буракамі занята 180 гектараў, яе ўборку вядуць з пачатку верасня. Сёлета ўбіраць салодкі корань пачалі раней, чым звычайна: умовы надвор’я выдаліся спрыяльныя і тэхніка была гатова да выхаду ў поле.

галоўны аграном прадпрыемства Аляксей Яцук і механізатар Аляксандр Гуцуляк

— Большая палова, 54%, ужо ўбрана, — уводзіць у курс справы галоўны аграном прадпрыемства Аляксей Яцук. — Ураджайнасць — 463 цэнтнера з гектара. Летась яна складала 500 ц/га. Ёсць упэўненасць, што сёлета леташнія паказчыкі будуць дасягнуты. За дзень выкопваем каля 350 тон караняплодаў. Некалькі дзён ішлі дажджы, працаваць было немагчыма: тэхніка вязла ў пераўвільготненай глебе. Акрамя таго, ад празмерных ападкаў можа пачаць расці бацвінне, у якое сыдуць пажыўныя рэчывы, а значыць зменшыцца цукрыстасць. Пакуль яна радуе: 17,3 пры базавым значэнні 16. Летась гэты паказчык быў крыху ніжэйшы — 16,5.

На буракаўборачным камбайне «Кляйне» працуе механізатар Аляксандр Гуцуляк. Ён не адразу згаджаецца на кароткую размову: маўляў, трэба працаваць, пакуль надвор’е дазваляе.

— У ДП «Царука» я працую 20 гадоў. Нарадзіўся і ўсё жыццё жыву ў Ерэмічах. Бацькі таксама працавалі на зямлі: у бацькі-механізатара 45 гадоў стажу, мноства медалёў і ўзнагарод за працу. Мама шмат гадоў была аграномам. Выходзіць, мне ад іх любоў да працы на зямлі і перадалася. Завяршу ўборку буракоў, перасяду на пагрузчык, буду карміць жывёлу, выштурхоўваць з ферм арганіку. Увесну на кормаўборачным камбайне «Палессе» буду касіць травы. І так цэлы год у клопатах. Але без гэтага сябе ўжо не ўяўляю. Калі б сёння мне прапанавалі памяняць прафесію на лягчэйшую і больш высока аплачваемую, не пагадзіўся б. Прыкіпеў душой і да тэхнікі сваёй, і да гэтых палёў, па-іншаму не магу. Так што будзем працаваць!

Развітваемся з Аляксандрам і пераязджаем на кукурузнае поле. У гэтым годзе ў гаспадарцы пад кукурузу адведзены 531 гектар, з іх 100 га — на зерне. На сілас убрана 146 га пры ўраджайнасці 361 цэнтнер з гектара.

— У траншэі закладзена каля 5 тысяч тон сіласу, — адзначае Аляксей Яцук. — Усяго на зімова-стойлавы перыяд нам трэба 14183 тоны. Улічваючы добрыя віды на царыцу палёў, запланаваных аб’ёмаў дасягнем. Так што будзем і з малаком, і з цукрам.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара