Департаменту охраны Беларуси — 70 лет. Об особенностях службы рассказывает начальник Кореличского отделения Департамента охраны Максим Свирид

29 кастрычніка адзначаецца 70 год з моманту ўтварэння Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў. Менавіта ў гэты дзень  у 1952 годзе была прынята Пастанова Савета міністраў БССР «Аб выкарыстанні ў прамысловасці, будаўніцтве і іншых галінах народнай гаспадаркі работнікаў, вызваленых з аховы, і мерах па паляпшэнні арганізацыі аховы гаспадарчых аб’ектаў, міністэрстваў і ведамстваў». На сённяшні дзень у сістэме органаў унутраных спраў МУС Рэспублікі Беларусь Дэпартамент аховы з’яўляецца адной з самых шматлікіх і аснашчаных службаў міліцыі, якая стаіць на варце дзяржаўнай і прыватнай уласнасці, грамадскага парадку і бяспекі суайчыннікаў.

На Карэліччыне раённае аддзяленне аб’яднання “Ахова” пры МУС Рэспублікі Беларусь як самастойнае структурнае падраздзяленне было створана ў 1988 годзе. Да гэтага часу аб’екты і прадпрыемствы Карэліцкага раёна ахоўваліся Навагрудскім аддзелам аховы. Афіцыйным днём утварэння Карэліцкага аддзела Дэпартамента аховы з’яўляецца 14 ліпеня 1988 года, калі быў падпісаны Загад МУС БССР. Колькасць атэставанага саставу на момант стварэння складала 7 чалавек, з іх 5 міліцыянераў, адзін камандзір аддзялення па ахове АКБ «Белаграпрамбанк» і начальнік аддзялення аховы.

Сёння ў Карэліцкім  аддзяленні аховы працуе больш за сто супрацоўнікаў. Колькасць атэставанага саставу складае 36 чалавек. Усяго пад аховай — 131 аб’ект, з якіх 14 пастоў аховы і 118 аб’ектаў ахоўваюцца з дапамогай пульта цэнтралізаванага назірання.

У 2018 годзе начальнікам Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь быў назначаны старшы лейтэнант міліцыі Максім Свірыд, які кіруе аддзяленнем і сёння. Мы пагаварылі з Максімам Уладзіміравічам і спыталі аб асаблівасцях працы Дэпартамента ў наш час.

— Якія задачы стаяць перад вашым аддзяленнем, у чым асаблівасці вашай службы?

— Ахова аб’ектаў, недапушчэнне крадзяжоў з аб’ектаў розных форм уласнасці — вось асноўная наша задача. Ажыццяўляецца гэта пры дапамозе фізічнай аховы, а таксама з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў: сучаснай сігналізацыі, камер відэаназірання.

— Раскажыце, як Вы прыйшлі ў прафесію?

— У прафесію я прыйшоў у 2000 годзе міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання. У 2014 годзе стаў старшым інспектарам групы міліцэйскага рэзерву вартавой аховы нашага падраздзялення. У 2017 годзе стаў выконваць абавязкі начальніка, а з 2018 года кірую падраздзяленнем.

Да прыходу ў Дэпартамент аховы служыў звыштэрмінова ў арміі. Мне падабаецца дысцыпліна і дакладнасць пастаўленай задачы. Мы ў адказе за грамадскую бяспеку і ахову правапарадку. Бывае, задаюць пытанні, ці не ўзнікала жадання змяніць сферу дзейнасці, заняцца іншай справай, заўжды адказваю, што не прамяняю службу ні на што іншае.

— Ці ўзнікалі складанасці, калі Вы пачыналі службу?

— Не, цяжкасцей не было. Адрозніваліся задачы, якія мы выконвалі. Да прыкладу, у двухтысячных быў прырост аб’ектаў, якія мы ахоўвалі, і ў той жа час буйнымі тэмпамі ішла тэхнічная мадэрнізацыя. Прасцей кажучы, тады ў нас была адна старая машына, якая магла сапсавацца ў любы момант. Цяпер у нас пяць новых машын і кожная абсталявана сучаснымі радыёстанцыямі, навігацыйным і маніторынгавым абсталяваннем. Калі спрацоўвае трывога, сігнал адразу ж паступае выязной групе, і супрацоўнікі адразу ж накіроўваюцца на аб’ект.

— Колькі часу неабходна, каб група прыехала на аб’ект?

— Ад трох да сямі хвілін.

— Ці шмат выездаў было за дзевяць месяцаў бягучага года?

— Вельмі многа. Амаль палова з іх — з-за памылак кліентаў або дзіцячага свавольства. Хтосьці забудзецца зняць кватэру з аховы, проста зойдзе туды, не прыклаўшы “магнітку”, дзесьці дзіця ўбачыць у краме пад касай кнопку і націсне — такое таксама было. Вядома, выязджалі і на затрыманні. Часцей гэта крадзяжы ў магазінах, бывае, злодзей уцякае, нашы супрацоўнікі затрымліваюць. Спроб пранікненняў на аб’екты за гэты час не было, мы гэтага не дапусцілі.

— Калі дзіця націсне на трывожную кнопку, якія будуць наступствы?

— Група прыедзе на сігнал, растлумачыць, што так нельга рабіць. Бацькам памятку ўручаць, правядуць прафілактычную гутарку. Аднак хацелася б нагадаць усім, што гэтыя кнопкі не для гульні.

— Раскажыце пра сваіх супрацоўнікаў.

— Зараз у асноўным у нас малады калектыў. Каля 70% нашых супрацоўнікаў працуюць год ці два. За апошнія два гады служыць да нас прыйшло 17 маладых людзей, аднак усе яны маюць даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Засталіся, зразумела, і вопытныя работнікі: вадзіцель групы затрымання Мікалай Палуян, які займаецца выхаваннем маладых супрацоўнікаў, тлумачыць ім асаблівасці службы; камандзір узвода Віталь Маеўскі, я з ім пачынаў службу, разам былі ў групе затрымання; міліцыянер узвода Дзмітрый Мурашка, які ўжо мае дваццаць год выслугі. У нас яшчэ і два сабакі служаць, якія вельмі дапамагаюць падчас пошуку злодзеяў і пры затрыманні.

— За столькі год службы Вы працавалі з многімі людзьмі. Пра каго з Вашых саслужыўцаў хацелася б сказаць добрае слова, каму падзякаваць за працу?

— Многа тых, каму хацелася б аддзячыць за плённую службу. Падзякаваць хацелася б нашым першым начальнікам: Сілко Уладзіміру Мікалаевічу і Монічу Мікалаю Уладзіміравічу за тую працу, якую яны праводзілі падчас станаўлення нашага аддзялення. Таксама хацелася б сказаць дзякуй Міхалкевічу Аляксандру Яўгеньевічу, які калісьці служыў з намі, а цяпер працуе ў Кастрычніцкім аддзеле аховы горада Гродна, вельмі моцна дапамагае нам, аказвае маральную падтрымку, падказвае, калі ўзнікае патрэба. Ігару Уладзіміравічу Выдрыцкаму, майму папярэдніку, які, нягледзячы на тое, што выйшаў на пенсію, працуе начальнікам падраздзялення аховы аб’ектаў. Міліцыянеру-кінолагу Грыбку Васілю Васільевічу, які служыў да пяцідзесяці гадоў, а цяпер працуе кантралёрам у будынку раённага выканаўчага камітэта.

— Вашы супрацоўнікі на дзяжурстве 24 гадзіны. Раскажыце, калі ласка, як праходзіць іх дзень?

— Рабочы дзень супрацоўніка пачынаецца ў сем гадзін раніцы. Ён прыходзіць у аддзел, з ім праводзяць інструктыўныя заняткі, пасля якіх ён заступае на службу, атрымлівае спецыяльныя сродкі, узбраенне, садзіцца ў службовы аўтамабіль і накіроўваецца на маршрут патрулявання. Патрулююць пасёлак па графіку. Калі паступае сігнал трывогі, выязджаюць на аб’ект.

— Як адпачываеце пасля службы? Як бавіце вольны час?

— Вольнага часу мала, мы ўвесь час на службе. Але, калі ён выдаецца, то стараемся арганізаваць штосьці цікавае, напрыклад, ездзім на экскурсіі. Наведвалі Нясвіжскі палац, ездзілі ў Беларускі дзяржаўны цырк.

— Якімі рэзультатамі Вы ганарыцеся?

— Галоўны рэзультат для мяне — пашырэнне падраздзялення, стварэнне новых працоўных месцаў. З 2017 года ў штаце было 87 чалавек, зараз — 108. Ідзе пашырэнне паслуг службы аховы.

— Што хацелася б пажадаць калегам напярэдадні юбілею?

— Заставацца вернымі сваёй службе, стойка пераадольваць узнікаючыя цяжкасці.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара