Василий Грибок стоял у истоков формирования отделения Департамента охраны Кореличского района
Васіль Грыбок быў адным з першых супрацоўнікаў Дэпартамента аховы Карэліцкага раёна. У гэтай сферы ён працуе з 1985 года.
— Я нарадзіўся ў Карэліцкім раёне, — расказвае Васіль Васільевіч. — Вырас у Карэлічах, тут скончыў 10 класаў. Падчас навучання ў школе мы наведвалі ВПК, дзе я атрымаў правы, але мне не было 18 гадоў, і я пайшоў працаваць у сельгастэхніку. Адпрацаваў там прыкладна паўгода і ў 1982 годзе пайшоў служыць у армію. Праз два гады вярнуўся дадому і звязаў свой лёс з аховай. У Мінску было вучэбнае падраздзяленне “Сатурн”, спачатку я там вучыўся, потым стажыраваўся ў Навагрудку, а затым прыехаў на радзіму. У Карэлічах аховы тады не было, мы працавалі ад Навагрудка. Адзіны аб’ект, які быў у пасёлку пад аховай, — Белаграпрамбанк, там працавала наша аддзяленне, пяць чалавек: камандзір і нас чацвёра. Потым, у 1988 годзе, стварылі аддзяленне аховы ў Карэлічах. Яно размяшчалася ў будынку тагачаснага ўнівермага, затым нас перавялі ў памяшканне, дзе зараз размяшчаецца “Еўрапошта”, потым пабудавалі новы будынак. На момант адкрыцця аддзялення тут працавала 20 чалавек. У ахове я адслужыў 30 гадоў: 14 гадоў у банку, потым міліцыянерам-кінолагам у групе затрымання. Час праляцеў непрыкметна. У 2014 годзе выйшаў на пенсію, але застаўся ў сферы. Зараз кантралёрам працую, працягваю свой прафесійны шлях у службе аховы.
— Ці не было жадання змяніць сферу дзейнасці?
— Ні разу. Я прывык да спецыфікі работы, да калектыву. Таму і працягваў кантракт. Скажу, што раней працаваць было прасцей. Цяпер нагрузкі ў мяне больш, чым тады, калі я працаваў кінолагам. Патрабаванні ўзраслі.
— Ці былі цікавыя выпадкі падчас службы?
— Калі працаваў у групе затрымання, з сабакам і на злачынствы выязджаў, і па следу хадзіў. Аднойчы прыехалі ў Турэц, сабака паказаў хату, з якой выходзілі злачынцы, і след узяў. Хутка знайшлі зламыснікаў, раскрылі справу. Мяне тады заахвоцілі як кінолага, хаця трэба было сабаку прэмію даваць, — з усмешкай расказвае Васіль Васільевіч. — Бывала, што і з віламі на нас кідаліся, усялякае здаралася. Калі недзе адбываецца злачынства, першы нарад, які выязджае, гэта ахова. У Карэлічах адлегласць невялікая, мы заўжды за тры хвіліны былі на месцы. Аднойчы выпадак быў на вуліцы Чэхава. Магазін, ноччу зімой спрацавала сігналізацыя. Прыехалі, а там два юнакі, акно ў магазіне разбілі, добра, што там рашотка была. Яны нас убачылі — і наўцёкі. Зноў жа сабака Ікар выручыў, дагнаў, злавілі абодвух.
Мне давялося трапіць і ў зону адчужэння. У 1986 годзе адбылася аварыя ў Чарнобылі, а ў наступным годзе нас туды адправілі. Паколькі ў Карэлічах аддзялення аховы тады не было, мяне накіравалі ад Навагрудка. Мы месяц былі ў Быхаўскім раёне, вартавалі вёску Савічы. Падчас эвакуацыі людзі пакідалі ў дамах шмат сваіх рэчаў. Засталіся рэчы ў крамах, дзіцячых садках, школах, і прыязджалі людзі, казалі, што хочуць паглядзець на сваю хату, а самі скрадалі тую маёмасць, што засталася, каб прадаць. Мы ж папярэджвалі факты марадзёрства.
— Цяпер у распараджэнні Дэпартамента аховы шмат сучаснага абсталявання, у магазінах усталяваны трывожныя кнопкі, на будынках — сігналізацыя, якая імгненна апавяшчае варту пра небяспеку, відэаназіранне. Раскажыце, як працавалі тады, калі Вы пачыналі.
— Раней на ўзбраенні быў пульт цэнтралізаванага назірання, за якім сядзеў дзяжурны. Калі на аб’екце адбывалася спрацоўка, ён накіроўваў супрацоўнікаў па патрэбным адрасе.
— Што хацелася б пажадаць калегам?
— Імкнуцца да поспехаў у службе. Цярпення і працалюбства, дзякуючы якім можна дасягнуць пэўных вышынь.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і з архіва героя публікацыі