Директор студии красоты “Марафет” в Кореличах Светлана Меленяко: «Кто не рискует, тот не развивается»

У Карэлічах летам гэтага года адкрылася студыя прыгажосці “Марафет”, у якой аказваюцца цырульныя паслугі: фарбаванне, стрыжкі, прычоскі, паслугі пазногцевага сэрвісу і па аднаўленні валасоў, а таксама карэкцыя і афарбоўка броваў. У студыі працуе 5 майстроў і кожны з іх пастаянна вучыцца чамусьці новаму, каб павысіць якасць паслуг.

Святлана Меляняка, уладальніца салона “Марафет”, расказвае аб шляху да адкрыцця, супрацоўніках і наведвальніках.

— Калі я была маленькай дзяўчынкай і заходзіла ў салон ці ў цырульню, маё сэрца замірала, — успамінае Святлана. — Я заўжды хацела стаць цырульнікам, але бацькі вырашылі, што я павінна атрымаць вышэйшую адукацыю. Адвучылася на лагіста па міжнародных перавозках.

Потым стала сама адказваць за свае ўчынкі, вырашыла ажыццявіць сваю дзіцячую мару, рэалізаваць сябе як майстар. Тым больш, што па спецыяльнасці работы не было, я стаяла на ўліку на біржы працы. У Навагрудскім райвыканкаме мне падказалі, што наша дзяржава аказвае падтрымку тым, хто хоча паспрабаваць адкрыць сваю справу. Я распрацавала бізнес-план, узгадніла яго і прадставіла камісіі, якая вырашала, выдаваць мне грошы ці не. Неўзабаве прынялі рашэнне выдзеліць субсідыю. Сума была не вельмі вялікая, аднак для пачатку справы была вельмі неабходная. За гэтыя сродкі мы набылі абсталяванне, касавы апарат. Для тых, хто хоча адкрыць сваю справу, гэтая падтрымка — вялікі плюс. Пачынала бізнес з магазіна адзення: разам з мужам адкрылі ў Навагрудку дзіцячы сэканд-хэнд. Потым адкрылі магазін у Карэлічах. У гэтым годзе я сказала сабе: “Хопіць цягнуць і чакаць!”. Муж хацеў пабудаваць аўтамыйку, але пакуль вырашылі адкрыць салон.

— Чаму адкрылі студыю ў Карэлічах?

— Мой муж родам з Горнай Руты, у пасёлку бываў вельмі часта, можна сказаць, рос тут. Да таго ж у Навагрудку не знайшлі месца пад салон, а тут не адразу, але падабралі. Было цяжкавата з арэндай, але ў выніку мы адкрылі магазін, які працуе ўжо шосты год.

— Акрамя арэнды, ці былі яшчэ якія-небудзь цяжкасці?

— Цяжкасці ўзнікаюць з падборам кадраў. Мы плануем пашырацца, аказваць больш паслуг, але складана знайсці майстроў. У нас працуе 5 чалавек, сярод якіх цырульнікі, спецыялісты пазногцевага сэрвісу, сама я займаюся аднаўленнем валасоў. Мы гатовы прадастаўляць людзям працоўныя месцы. Кадры вырашаюць усё. Я наведваю шмат курсаў і трэнінгаў не толькі па сваёй спецыяльнасці, але і па кіраванні салонным бізнесам, па аказанні паслуг. Дзяўчаты, якія тут працуюць, таксама пастаянна ўдасканальваюць сваё майстэрства, наведваюць выязныя майстар-класы і самі ездзяць на трэнінгі ў Мінск.

— Раскажыце пра сваіх кліентаў.

— Напачатку іх было няшмат, бо нас не ведалі. У нас лаяльны кошт, мы прадастаўляем зніжкі пенсіянерам. Быў час, калі да нас прыходзілі толькі людзі састарэлага ўзросту, але спрацавала “сарафаннае радыё”, пра нас даведаліся людзі, кліенцкая база пашыраецца. Адразу быў вялікі попыт на пазногці, цяпер набірае папулярнасць аднаўленне валасоў, людзі актыўна на яго запісваюцца. Кліентам зручна, што мы працуем з 9 гадзін раніцы да 8 вечара: яны могуць прыйсці да нас пасля працы. Многія запісваюцца на працэдуры менавіта ў гэты прамежак часу, з 17:30 да 20:00.

— Якую параду можаце даць тым, хто плануе адкрыць сваю справу?

— Не баяцца. Ведаеце, кажуць: “Хто не рызыкуе, той не развіваецца”. Цалкам згодна. Спрабуйце, бо пакуль не паспрабуеш, не даведаешся, ці атрымаецца.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара