Дырэктар Цырынскай сярэдняй школы Наталія Адамушка: “Галоўнае – навучыць дзяцей глядзець на свет вачыма гаспадара зямлі”
Напярэдадні прафесійнага свята Дня настаўніка, якое традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, завіталі ў ДУА ”Цырынская сярэдняя школа” і сустрэліся з дырэктарам Наталіяй Мікалаеўнай Адамушка. Гэты крэатыўны кіраўнік, нібыта рэжысёр, стварае спектакль пад назвай “Адукацыя і выхаванне”. Заўсёды і ва ўсім творца. Яе ўпэўненасць зараджае аптымізмам, прымушае паверыць у свае сілы, яна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай калег, вучняў і іх бацькоў, гарыць і жыве справамі школы.
– Наталія Мікалаеўна, Вы выбралі высакародную прафесію настаўніка. А ў дзяцінстве кім Вы марылі стаць?
– Ужо з дзяцінства марыла стаць педагогам, любіла гэтую прафесію. Сярод аднагодак заўсёды была лідарам, камандзірам, і гульні ўсе былі звязаны з тым, што я кагосьці вучыла, кантралявала. І калі б цяпер стаяла перад выбарам прафесіі, то не змяніла, а засталася вернай сваёй мары.
– Што было вызначальным для Вас, калі паступалі ў педагагічную вышэйшую навучальную ўстанову?
– Прыкладам для пераймання быў мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іван Рыгоравіч Пацко. Яго ўрокі былі вельмі цікавымі і неверагоднымі, мне вельмі хацелася ведаць столькі, колькі ведаў ён. Мне падабалася геаграфія, але ўсё ж бліжэй была філалогія. Гэта і вырашыла мой лёс, я стала філолагам.
– Колькі гадоў Вы працуеце ў педагагічнай сферы? Як даўно ў гэтай установе адукацыі?
– Да працы прыступіла адразу, калі паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне. Спачатку была старэйшай піянерскай важатай, потым некаторы час працавала метадыстам у Доме піянераў, пасля ўзначальвала раённую арганізацыю БПСМ. У 1999 годзе вярнулася ў родную школу намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а з 2015 года – я дырэктар установы адукацыі.
– Дырэктар школы – гэта кіраўнік вялікага калектыву. Як Вам удаецца аб’яднаць усіх педагогаў, абслугоўваючы персанал, натхніць на стварэнне нечага новага?
– Для дырэктара важна мець арганізатарскія здольнасці, ведаць псіхалогію людзей, валодаць вялікім запасам цярпення, таму што да дарослых людзей, гэтак жа, як і да дзяцей, патрэбен пэўны падыход, не сядзець на месцы самой, ставіць перад сабой мэту і імкнуцца дасягнуць яе – гэта ўсё дапамагае захапіць калектыў агульнай справай. Якасці добрага кіраўніка – самадысцыпліна і арганізаванасць.
– Чым адрозніваецца адукацыйная дзейнасць вашай установы ад іншых устаноў адукацыі нашага раёна? Раскажыце аб поспехах і дасягненнях за апошнія гады.
– У маленькай школе нават нязначныя перамогі дзяцей – гэта ўжо поспех, а іх у мінулым навучальным годзе было багата. Першае месца ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. У 36 раённых творчых конкурсах заваявана 16 прызавых месцаў. Нашы вучні сталі лепшымі і ў абласных конкурсах: інтэрнэт-чэлендж “З днём нараджэння, піянеры новага пакалення”, “Выратавальнікі вачыма дзяцей – 2022”; “Мне пару крыл дало юнацтва” і “У кожнага часу свае героі” (Дыпломы II ступені), “Навагодні БУМ” (Дыплом IIІ ступені). За ўдзел у рэспубліканскім конкурсе-эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства” адзначаны сертыфікатам і Падзячным пісьмом. Трэці год запар першае месца займалі ў раённай спартакіядзе школьнікаў сярод устаноў 2-ой групы.
Гаворачы пра перамогі дзяцей, нельга не адзначыць плённую працу ўсяго педагагічнага калектыву. У адных лепш атрымліваецца работа з вучнямі па падрыхтоўцы да алімпіяд, у другіх – даследчая дзейнасць, у трэціх – падрыхтоўка дзяцей да ўдзелу ў творчых конкурсах. Усе актыўна працуюць па абагульненні і распаўсюджванні вопыту. За мінулы навучальны год два матэрыялы надрукаваны ў прадметных часопісах, 12 артыкулаў з выхаваўчых мерапрыемстваў размешчана на сайце “Настаўніцкай газеты”. Вопыт работы Галіны Алексіевіч, настаўніка матэматыкі, адзначаны Дыпломам І ступені ў ХІ раённай навукова-практычнай канферэнцыі педагогаў “Асоба. Адукацыя. Грамадства”. Паспяхова здалі кваліфікацыйны экзамен на вышэйшую катэгорыю настаўнік пачатковых класаў Таццяна Палякова і выхавальнік дашкольнай адукацыі Таццяна Пашкевіч.
Наогул, па выніках удзелу ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі раёна з 2015 года наша школа ў намінацыі “вучэбна-педагагічны комплекс” прызнавалася лепшай чатыры разы. А гэта заслуга ўсяго калектыву.
– Якія якасці школа імкнецца прывіваць вучням, і якімі якасцямі, на Вашу думку, павінен валодаць настаўнік сёння?
– У першую чаргу нашым вучням мы прывіваем культуру зносін, паводзін, пачуцця любові да сябе, сваіх таварышаў, сям’і, Радзімы. Хочацца, каб вучні, калі стануць дарослымі, заўсёды заставаліся чалавечнымі. А для таго, каб гэта рэалізаваць, лічу, што сучасны настаўнік павінен быць майстрам сваёй справы, інтэлігентным і эрудзіраваным чалавекам, але самае галоўнае – ён павінен па-сапраўднаму любіць дзяцей, навучыць кожнага з іх глядзець на свет вачыма гаспадара зямлі, абудзіць у кожным дзіцяці творчую асобу.
– Усё, што было запланавана, удалося ажыццявіць на сённяшні момант?
– На сённяшні момант атрымалася многае: у школе працуе калектыў аднадумцаў, стабільны, працаздольны, высокакваліфікаваны. З дваццаці настаўнікаў трынаццаць – выпускнікі гэтай школы, карэнныя жыхары. Усе марым, каб наша школа яшчэ доўга магла заяўляць пра сябе, каб нашы вучні ведалі гісторыю роднай школы, каб лепшыя традыцыі школы абавязкова захоўваліся. Да пачатку навучальнага года была створана экспазіцыя стагадовай гісторыі школы “Гадоў імклівы бег – багацце нашай школы”, працуе зменная экспазіцыя “Дрэва сучаснага жыцця”, папаўняецца выстава юбілейных выпускаў школы. А ўвогуле, кожны навучальны год адзначаны тым ці іншым адкрыццем. Папаўняецца матэрыяльная база, павышаецца якасць адукацыі. Але разам з тым застаецца яшчэ шмат нявырашаных пытанняў.
– Што б Вы хацелі пажадаць калегам з нагоды прафесійнага свята?
– Паважаныя калегі! У гэты святочны дзень прыміце шчырыя віншаванні з асаблівым святам, напоўненым дабрынёй, любоўю, пачуццём павагі і вялікай удзячнасці. Стваральная праца Педагога, безумоўна, уплывае на жыццёвы і прафесійны шлях, імкненні, значныя поспехі кожнага чалавека. Менавіта ад вас залежыць будучыня нашай краіны, лёс маладога пакалення, якое прагне не толькі ведаў, але і разумення свету, урокаў дабрыні, справядлівасці, сяброўства. Я жадаю, каб энергія, якую вы шчодра дорыце дзецям, вярталася новымі сіламі для вашых спраў і здзяйсненняў! Моцнага вам здароўя, шчасця, душэўнай цеплыні, кахання і дабрабыту, задавальнення ад педагагічнай дзейнасці, поспехаў ва ўсіх пачынаннях і рэалізацыі намечаных планаў!
Кацярына КУКАНАВА
Фота Іны ЛЕЙКІ