Что показал рейд по проверке печного отопления в деревне Кайшовка?

Не сакрэт, што ў беларускіх вёсках многа дамоў маюць пячное ацяпленне. Дбайны гаспадар ведае, што печ неабходна трымаць у парадку, бо з сапсаванай шмат цяпла не атрымаеш, да таго ж карыстацца ёй небяспечна: дым з трэшчын можа стаць прычынай удушша, а пра іскрынку, выпаўшую на дыван, і казаць няма чаго. Але трэба прызнацца: не ўсе гаспадары своечасова клапоцяцца аб добрым надвор’і ў сваім доме, а некаторыя ўвогуле ігнаруюць свае абавязкі, адкладваючы іх на дно бутэлькі. Ёсць, канешне, і тыя, хто не можа справіцца з такімі задачамі проста праз свой паважаны ўзрост. Дзеці, вядома, жывуць далёка, бацькоў наведваюць рэдка. Да адзінока пражываючых пенсіянераў і людзей з вёскі Кайшоўка, якія знаходзяць сваё жыццё ў бутэльцы, наведаліся супрацоўнікі Карэліцкага РАНС і праверылі гатоўнасць пячнога абсталявання і спраўнасць пажарных апавяшчальнікаў.

Разам з начальнікам Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзянісам Стадольнікам падыходзім да першай хаты. На дзвярах вісіць клямка, але чуваць, што ўнутры нехта ёсць. На нашу просьбу ўвайсці чуем згоду. У хаце жанчына пенсійнага ўзросту смажыць на патэльні грыбы і прызнаецца, што не грэбуе выпіць. На пытанне, дзе яе сын, адказвае, што пайшоў на працу. Дзяніс Аляксандравіч ўважліва аглядае печку. Відаць, што яе рамантавалі, аднак касметычны рамонт не пашкодзіць.

— Скажыце сыну, хай падмажа печку і пабеліць яе, — раіць Дзяніс Аляксандравіч і заўважае: на столі адсутнічае аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Жанчына паказвае прыбор і тлумачыць, што зняла яго, бо ён пішчаў. Начальнік РАНС растлумачыў: значыць села батарэйка, замяніў яе і павесіў апавяшчальнік на месца, папярэдзіўшы, што яго нельга здымаць без патрэбы.

Зазірае выратавальнік і на гарышча, дзе ўважліва аглядае комін.

— Комін таксама павінен быць пабелены, — кажа ён жанчыне, — калі раптам на ім будуць маленькія трэшчынкі, іх лягчэй заўважыць на белым.

Гаспадыня абяцае ўсё выправіць. Зразумела, што абяцанняў мала, таму жанчыне выпісваюць афіцыйнае папярэджанне. Развітваемся з гаспадыняй і ідзём па наступным адрасе.

У хаце разам з пенсіянеркай-маці жыве мужчына, які афіцыйна нідзе не працуе. Прафесійным вокам Дзяніс Аляксандравіч заўважае: апавяшчальнік не вісіць на сваім месцы.

— Батарэйка села, — тлумачыць гаспадар і абяцае, — заўтра буду ў Карэлічах, абавязкова куплю.

Таксама заўважана электрычная разетка, на якой адсутнічае ізаляцыя. І на гэтую заўвагу гаспадар кажа, што ўсё выправіць. Каб мужчына не забыўся на свае абяцанні, яму таксама ўручаюць афіцыйнае папярэджанне.

Па наступным адрасе пражывае пажылая жанчына. Нягледзячы на ўзрост гаспадыні ў хаце акуратна прыбрана. Дзяніс Аляксандравіч просіць пенсіянерку:

— Скажыце, калі ласка, сваім дзецям, каб купілі вам аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Калі раптам з печкі ў хату пойдзе дым, ён запішчыць і зможа выратаваць вам жыццё.

Наведваем яшчэ дзве хаты. У кожнай з іх ёсць нязначныя парушэнні. У асноўным яны тычацца пажарных апавяшчальнікаў. Чамусьці ва ўсіх раптоўна перад нашым прыездам селі батарэйкі.

Пакуль мы наведвалі дамы па адным баку вуліцы, работнікі РАНС правяралі іншыя вуліцы вёскі. Усяго за тры гадзіны з запланаваных 34 дамоў было праверана 19. У пятнаццаці выпадках хаты былі закрытыя на замок. Дзяніс Стадольнік падводзіць вынікі:

— Карэліцкім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях праведзена вывучэнне праводзімай інструктыўна-тлумачальнай працы назіральнай камісіі пры Цырынскім сельвыканкаме. Пры правядзенні кантрольнай адпрацоўкі ў вёсцы Кайшоўка меры адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні правіл пажарнай бяспекі прыменены ў адносінах да трох грамадзян, напісана чатыры лісты працаздольным дзецям аб аказанні дапамогі сваім састарэлым бацькам, выяўлена 16 парушэнняў умоў бяспечнага пражывання грамадзян, чатыры з іх былі выпраўлены ў ходзе праверкі. З мэтай аператыўнага рэагавання па ліквідацыі парушэнняў праінфармаваны ўсе зацікаўленыя суб’екты прафілактыкі.

Застаецца спадзявацца, што нядбайныя гаспадары сур’ёзна ўспрымуць словы выратавальнікаў і выправяць знойдзеныя ў ходзе праверкі недахопы, лісты, адпраўленыя дзецям пенсіянераў, знойдуць адрасата, а дзеці, у сваю чаргу, прыедуць да сваіх бацькоў і дапамогуць ім.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара