Бриллиантовая свадьба: Геннадий и Леонида Шиманские из Большой Медвядки вместе 62 года
«Жыццё пражыць — не поле перайсці», — гавораць у народзе. І гэта сапраўды так. Пацвярджэнне таму — жыццё Генадзія Філарэтавіча і Леаніды Уладзіміраўны Шыманскіх з Вялікай Мядзвядкі. Шэсцьдзясят два гады рука аб руку крочаць разам, дзелячы радасць і гора папалам. Лепшага ў іх жыцці больш: да шчасця імкнуцца і каханне берагуць і маюць свае брыльянты жыцця.
ДОМ
Дом пад нумарам 100 у Вялікай Мядзвядцы знаходзім адразу. Вялікі і прыгожы, не адвесці вачэй, а гаспадары гасцінныя, і гутарка ладзіцца адразу.
— Мы тутэйшыя: я з Вялікай Мядзвядкі, а спадарожнік жыцця з Малой Мядзвядкі, — гаворыць Леаніда Уладзіміраўна і дадае, што вучыліся ў адной мясцовай школе. Абраннік памятае, як у першым класе яна спявала ў хоры, і ўжо тады заўважыў дзяўчынку.
Сяброўства пачалося, калі юнак прыйшоў у водпуск з арміі, і на танцах сустрэліся. Запрасіў раз, другі, трэці… Калі вярнуўся са службы, пачалі сустракацца. Год пасябравалі — і пажаніліся. «Самую прыгожую ў вёсцы ўзяў», — з гонарам даводзіць Генадзій Філарэтавіч.
Вяселле справілі вялікае, родзічы былі з абодвух бакоў. Напачатку жылі з бацькамі, затым вырашылі будаваць сваю хату. Зямлю пад будаўніцтва выдзелілі ў полі.
— Зараз гэтая вуліца носіць імя знакамітага земляка Ігната Дамейкі, — прадаўжае аповед гаспадар. — Тут ужо дваццаць дамоў. Ёсць газ, святло, вуліца дагледжаная.
Як адзначаюць у сям’і Шыманскіх, сваімі сіламі пабудавалі дом. Дачцы Таццяне ў Вялікай Мядзвядцы на гэтай вуліцы свой зладзілі. У іх жа доме — чатыры пакоі, кухня, веранда. Ёсць гаспадарчыя пабудовы і летні домік.
— Усяго было, вось толькі спрэчкі былі дзелавымі і гаспадарскімі — і мы прыходзілі да агульнага рашэння, — прызнаюцца субяседнікі.
ПРАЦА
Пасля службы ў арміі Генадзій Філарэтавіч вярнуўся ў родныя мясціны. Свой працоўны шлях пачаў у калгасе «Сцяг працы» паляводам. Затым быў рахункаводам, улікоўшчыкам-запраўшчыкам Мірскай МТС, выкладчыкам фізкультуры ў Мядзвядскай школе, піянерважатым. У 1963 годзе прызначылі старшынёй Жухавіцкага сельсавета, на гэтай пасадзе працаваў да 1978 года. Перавялі ў калгас «Савецкая Беларусь» загадчыкам вытворчага ўчастка, гэтай працы прысвяціў больш за дваццаць гадоў.
— Працаваць самому і тады патрабаваць ад падначаленых — галоўнае правіла, — адзначае Генадзій Філарэтавіч Шыманскі.
Леаніда Уладзіміраўна напачатку працавала ў мясцовай бібліятэцы, але хутка зразумела, што гэта не яе прызванне. Пайшла ў калгас у жывёлагадоўлю, і шаснаццаць гадоў аддала працы на свінаферме, затым пяць гадоў адпрацавала даяркай.
— Мне падабалася сельскае жыццё, — успамінае жанчына. — Гаспадарка і агароды — гэта было маё, да гэтага ляжала душа. Першыя ў вёсцы ўстанавілі цяпліцу, і першая пачала рабіць нарыхтоўкі на зіму. У горад не цягнула, усё рабілі ўдваіх.
Гаспадары трымалі вялікую асабістую гаспадарку: кароў, цялят, свіней, нутрый, трусоў, птушку. Лішкі малака прадавалі дзяржаве, як і свіней таксама. Выручаныя грошы ішлі на будаўніцтва дома і на дапамогу дзецям. На працягу доўгага часу, да мінулага года, трымалі да дванаццаці сем’яў пчол. Раздалі пчол добрым людзям з надзеяй, што справа ў гаспадарлівых руках будзе прадоўжана.
— Па асабістай гаспадарцы ўвіхалася ў асноўным сама, — удакладняе Леаніда Уладзіміраўна, — хаця спадарожнік жыцця ніколі не быў у баку ад хатніх спраў. Раніцай і вечарам далучаўся, стараўся выканаць мужчынскую работу. Поруч з намі заўсёды былі дзеці, якія прывучаліся да сялянскай працы.
ДЗЕЦІ
На пенсіі Леаніда Уладзіміраўна і Генадзій Філарэтавіч жывуць дружна, у згодзе і ўзаемапавазе. Вялікай радасцю для іх з’яўляюцца дзеці і ўнукі. Пра кожнага стараюцца коратка паведаць. Ірына на заслужаным адпачынку, жыве ў горадзе Баранавічы. Сямнаццаць гадоў пражыла ў Літве, вярнулася на Радзіму, і бацькі вельмі задаволены. У Баранавічах таксама працуе сын Генадзій, механікам у адной з аўтабаз горада. Таццяна — настаўнік рускай мовы і літаратуры Жухавіцкай сярэдняй школы. Аляксандр — аўтамеханік, працаваў у калгасе, зараз дальнабойшчык.
— Восем унукаў і чатыры праўнукі, — гавораць шчаслівыя прадстаўнікі старэйшага пакалення сям’і Шыманскіх. — Усе ўнукі маюць вышэйшую адукацыю, і не адну, заняты на прэстыжных работах. Яны добра вучыліся ў школе і сталі сумленнымі людзьмі. Сакрэт нашага поспеху просты: мы шмат працавалі і падтрымлівалі дачок і сыноў. Прыклад быў як на далоні: галоўнае — праца.
«Вы карыстаецеся інтэрнэтам, а мой дарадца — жыццё, — не раз гавару сваім нашчадкам. Заўсёды старалася быць добрай маці, зараз — бабуляй і прабабуляй. Бывае ў жыцці няпроста, але маё сэрца заўсёды з імі. Для дзяцей і ўнукаў — сяброўка і дарадца. Вельмі рада, калі наведваюцца ў бацькоўскі дом,» — заключае жанчына.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ