Карэліччане расказваюць, за што яны ўдзячны сваім настаўнікам

Напярэдадні прафесійнага свята ўсіх педагогаў мы пацікавіліся ў карэліччан, за што яны ўдзячны сваім настаўнікам.

Аляксандр ГАЛУШКА,

загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта:

— Амаль чатыры дзесяцігоддзі прайшло з таго часу, як я  закончыў Машэвіцкую васьмігадовую школу. Да сённяшняга дня памятаю школьныя гады. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці настаўнікам, якія далі пуцёўку ў дарослае жыццё. Яны выхоўвалі ў нас, вучняў, пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы. Імкнуліся, каб мы выраслі сумленнымі і працавітымі, змаглі людзьмі звацца. З удзячнасцю ўспамінаю ўрокі педагогаў Валянціны Іосіфаўны Ляўковіч, Ірыны Іванаўны Мяцеліцы, Тамары Георгіеўны Несцер, Галіны Яўгеньеўны Чубрык, Людмілы Іванаўны Гасцілы, якія давалі трывалыя веды.

Я закончыў сельгастэхнікум, ваеннае вучылішча, Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму ДУ «БДУФК». Дваццаць гадоў працаваў у Карэліцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў. Цяпер у адказе за развіццё спорту і турызму ў раёне. Пастаянна прыходзіцца павышаць свой прафесійны ўзровень. Лічу, што галоўны падмурак ведаў быў зроблены менавіта ў школе. Нізкі паклон за гэта вам, настаўнікі!

 

Кацярына УТЛІК,

медсястра УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца», маці траіх дзяцей:

— Часта ў памяці ўсплываюць школьныя гады. З асаблівай удзячнасцю ўспамінаю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Алену Іванаўну Гімпель. Яна ў свой час выкладала гэты прадмет у Вялікаслабодскай базавай школе і рыхтавала мяне да раённай алімпіяды. Па роднай мове ў мяне была дзясятка. Зараз Алена Іванаўна — настаўніца сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы.

Я ўдзячна таксама Святлане Генадзьеўне Шчука з сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, дзе прадоўжыла вучобу. Дзякуючы трывалым ведам, змагла атрымаць высокі бал на тэсціраванні. Цяпер любімая настаўніца  выкладае беларускую мову і літаратуру ў маёй дачкі-дзесяцікласніцы Аляксандры. У мінулым годзе дзяўчына прымала ўдзел у раённай алімпіядзе па беларускай мове і атрымала высокі вынік.

Я ўдзячна настаўнікам за тое, што яны прывілі мне і маёй дачцэ любоў да роднай мовы, мілагучнай, напеўнай, прыгожай. Мове бацькоў і дзядоў, якую люблю з дзяцінства.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА