Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка правялі сустрэчу з работнікамі ДП “Малюшычы”
У Карэліцкім раёне працягваюцца сустрэчы па абмеркаванні законапраекта аб Усебеларускім народным сходзе з працоўнымі калектывамі. 1 лістапада член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка правялі сустрэчу з работнікамі ДП “Малюшычы”.
— Праект Закона аб УНС вельмі важны. Гэта ўнікальны беларускі нацыянальны вопыт, які не мае аналагаў, — адзначыла Лідзія Мікалаеўна. — Сустрэчы, на якіх мы расказваем працоўным калектывам аб дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, накіраваны на тое, каб вы не проста паслухалі, што мы гаворым, а прапапанавалі свае ідэі. Важна, каб простыя грамадзяне нашай краіны мелі магчымасць паўдзельнічаць у рашэнні сур’ёзных дзяржаўных пытанняў. Усе канструктыўныя ідэі будуць улічвацца.
Эльвіра Аляксееўна расказала прысутным пра абавязкі дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу і дадала:
— Меркаванне людзей — гэта вельмі важна. Калі ў людзей узнікаюць пытанні, значыць неабходна над гэтым працаваць. Вельмі важна абмеркаваць праект, пачуць ваша меркаванне, а не проста паставіць грамадзян перад фактам.
Выступаючыя заклікалі прысутных да дыялогу, прапанавалі задаваць пытанні, якія іх цікавяць. Прагучала прапанова зрабіць выхадны дзень пасля святкавання Вялікадня:
— Гэта вялікае свята, калі ўся сям’я збіраецца разам. Да нас прыязджаюць дзеці, і хацелася б, каб яны пабылі даўжэй. Раней пасля Вялікадня быў адзін выхадны дзень, чаму б не аднавіць такую традыцыю?
— Такія рашэнні не прымаюцца адным чалавекам, — адзначыла парламентарый, — ёсць людзі, якія ўвогуле не прымаюць рэлігійных святаў. Але я запісала вашу прапанову, і яна абавязкова будзе агучана.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара