На планерке у председателя: успехи Кореличского льнозавода, безопасность одиноких пожилых граждан, вакцинация от COVID-19 и гриппа

Неабходна актывізаваць работу па абследаванні ўмоў пражывання адзінокіх пажылых грамадзян. Такую задачу паставіў перад адпаведнымі службамі старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

— Адзінокія пажылыя людзі знаходзяцца ў зоне асаблівай увагі дзяржавы, — падкрэсліў кіраўнік раёна, — аднак, на жаль, з імі часам здараюцца няшчасці, і ў першую чаргу на пажарах. У Карэліцкім раёне пражывае 352 адзінокія пажылыя чалавекі, а таксама 25 чалавек, якія дзеляць дах над галавой са сваякамі, якія любяць выпіць. Сацслужба, РАНС, РАУС і іншыя павінны больш пільна паглядзець на тое, як жывуць гэтыя людзі, якія ў іх праблемы.

Напярэдадні рэлігійных свят старшыня райвыканкама даручыў яшчэ раз праінспектаваць санітарны стан могілак і прыбраць стыхійныя звалкі.

У раёне працягваецца кампанія па вакцынацыі. Ад COVID-19 рэвакцынавана 66,4% насельніцтва, ад грыпу — 28,6%. Вакцыны дастаткова, любы ахвочы можа звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя па месцы прапіскі.

У раёне завяршылася ўборка цукровых буракоў. Атрымана 165 063 т караняплодаў пры ўраджайнасці 494 ц/га. На буракапрыёмныя пункты вывезена 150 157 тон.

Зяблевая апрацоўка глебы праведзена на 65% плошчаў: узарана 11 260 га пры плане 17 298 га. За дзень аграрыі апрацоўваюць 317 га.

Добрую аддачу ад праведзенай працы атрымала сёлета ААТ «Карэлічы-Лён». Нарыхтавана 16 185 т ільнотрасты пры ўраджайнасці 47,6 ц/га, ільновалакна — 15,8 ц/га. Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у краіне. Сярэдні нумар ільнотрасты роўны 1,13. Для вытворчасці алею і шроту нарыхтавана 840 т ільнонасення і 430 т насення рапсу. За 10 месяцаў выкананы гадавы дзяржаўны заказ на Аршанскі льнозавод па доўгім ільновалакне ў памеры 760 т.

— Дзяржаўная падтрымка, аказаная льнозаводу ў выглядзе льготнага крэдытавання на будаўніцтва новага завода, сябе апраўдала, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў. — Штомесяц прадпрыемства вяртае частку крэдыту і працэнты, пры гэтым нарошчвае вытворчыя магутнасці і павялічвае заработную плату. Паспяхова ідзе экспарт кароткага льновалакна ў Расійскую Федэрацыю і Кітайскую Народную Рэспубліку.

Іна ЛЕЙКА