У сярэдняй школе № 1 г.п. Карэлічы адбылося прафарыентацыйнае мерапрыемства з удзелам супрацоўнікаў МУС
У сярэдняй школе № 1 г.п. Карэлічы адбылося прафарыентацыйнае мерапрыемства з удзелам супрацоўнікаў МУС.
Вучні адзінаццатых класаў, якія стаяць на парозе прафесійнага выбару, сабраліся ў актавай зале сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы, каб пазнаёміцца з асаблівасцямі прафесіі супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Першым да вучняў звярнуўся начальнік аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта палкоўнік Аляксей Гаўрош, які расказаў старшакласнікам пра тое, як прыйшоў працаваць у міліцыю.
— Міліцэйская служба вельмі цікавая, — адзначыў Аляксей Іванавіч. — У кожнага падраздзялення свой участак работы. Участковыя сочаць за сямейным дабрабытам, за парадкам на сваім участку, наведваюць сацыяльна небяспечныя сем’і, падраздзяленне крымінальнай міліцыі расследуе крадзяжы, разбоі і г.д. Дзякуючы зладжанай працы праваахоўных органаў мы жывём у спакойнай краіне. У сучасным свеце важнай з’яўляецца кожная прафесія. Кожны з вас павінен вырашыць, дзе ён здольны дапамагчы сваёй дзяржаве. На гэтай сустрэчы мы раскажам, што робяць супрацоўнікі ўнутраных спраў. Магчыма, гэта дапаможа вам зрабіць свой прафесійны выбар.
Аб тым, дзе ў рэспубліцы можна навучыцца праваахоўнай справе, а таксама аб асаблівасцях вучобы расказаў вучням намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Валерый Богуш:
— У Рэспубліцы Беларусь існуе дзве навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў, якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў для работы ў органах унутраных спраў: Акадэмія МУС у Мінску і Магілёўскі інстытут МУС. Абедзве навучальныя ўстановы рыхтуюць спецыялістаў двух напрамкаў — міліцыя грамадзянскай бяспекі і крымінальная міліцыя. Для паступлення ў дадзеныя навучальныя ўстановы неабходна здаць ЦТ па трох прадметах: беларуская або руская мова, замежная мова і грамадазнаўства; прайсці медыцынскае абследаванне ў паліклініцы Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама і прайсці спецыяльную праверку, на якую будуць даваць згоду вашы бацькі.
Расказаў Валерый Яўгеньевіч пра плюсы навучання ў гэтых навучальных установах:
— Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Ім прадастаўляецца бясплатнае пражыванне, харчаванне, абмундзіраванне. Курсанты атрымліваюць высокую стыпендыю.
Перад прысутнымі выступіў іспектар ДАІ ДПС Аляксандр Фурса, які расказаў рабятам пра асаблівасці службы ў аўтамабільнай інспекцыі, а таксама нагадаў пра захаванне правілаў дарожнага руху, зменах у правілах і пра неабходнасць нашэння святловяртальных элементаў.
Камандзір узвода Карэліцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Віталь Маеўскі расказаў школьнікам пра асаблівасці службы ў Дэпартаменце аховы і запрасіў зацікаўленых служыць у міліцыі:
— Калі хтосьці захоча служыць у Дэпартаменце аховы, можна прыйсці да нас, узяць накіраванне.
Запрасілі на сустрэчу ветэрана міліцыі старшыню раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Аляксандра Кандрусіка, які расказаў аб тым, як ён вучыўся ў Вышэйшай школе міліцыі і прыйшоў служыць у МУС.
— У краіне пануе правапарадак. І каб так заставалася, неабходна, каб лепшыя з вас, той, хто гатовы да гэтага, ішлі служыць у міліцыю, — дадаў Аляксандр Яўгеньевіч. — Служба складаная і адказная, і наша краіна гэта разумее. Былыя супрацоўнікі МУС запатрабаваны ў любых арганізацыях і ўстановах, таму што Акадэмія МУС дае выдатныя веды, якія можна выкарыстоўваць у многіх іншых сферах. Быць афіцэрам — дастойная прафесія.
Прысутнічалі на сустрэчы прадстаўнікі духавенства — святар храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы агр. Турэц, іерэй Андрэй Абрамовіч і благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса, які сказаў, што галоўнае, што ёсць у нашым жыцці — здароўе, якое мае свой рэсурс. Наша задача — захаваць гэты рэсурс.
Пасля тэарэтычнай часткі пачалася практычная. Міліцыянеры прадэманстравалі школьнікам узбраенне, якое выкарыстоўваецца супрацоўнікамі. Кожны жадаючы мог прымерыць баявое абмундзіраванне, бронежылет, каску. Вучні азнаёміліся са спецыяльнымі сродкамі, якія выкарыстоўваюць інспектары ДПС.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара