Прыветлівы Карэліцкі край

У кожнага з нас ёсць такая мясціна, якая сапраўды мілейшая за ўсё на свеце. Яе немагчыма забыць нідзе і ніколі. У мяне яна таксама ёсць. Гэта мая маленькая радзіма, мая вёска Баранавічы, што на Карэліччыне. Гэта тое месца, дзе я нарадзілася і жыву, дзе жывуць мае бацькі, родныя, суседзі і сябры. Гэта бацькоўская хата, матчына мова, знаёмая сцежка, родная школа, першая настаўніца, якая, нібы матуля, вучыла ўсяму, што неабходна для чалавека.

Вёска Баранавічы некалі была зусім маленькая і называлася не так, як цяпер. Была назва ў вёсачкі Баранаўка. Калісьці на ўзгорку па-над вёскай рос вялікі бор, таму і насіла яна такую назву, але з цягам часу вёску сталі называць Баранавічы.

Мае Баранавічы для мяне — самы прыгожы і непаўторны куточак. Тут вельмі цудоўна. Заўсёды радуюць вока чыстыя і светлыя вуліцы, якія патанаюць у рознакаляровых фарбах кветак і зеляніне дрэў і кустоў. Люблю блукаць па вулачках вёскі, сустракаць знаёмыя твары, атрымліваць асалоду ад чыстага паветра. Якая прыгожая мая родная вёсачка ў розныя часы года!

Улетку яна ў сакавітай зеляніне, у яркіх фарбах кветнікаў і лугоў, у сонечнай пазалоце. А восенню — рознакаляровыя клёны, жоўтыя бярозы, чырванагронкія рабіны. Узімку мая маленькая радзіма напоўнена чараўніцтвам і паэзіяй. Калі глядзіш у акно ці выходзіш на вуліцу, заўсёды падымаецца настрой ад выгляду іскрыстага і рыпучага снегу, ад пакрытых серабрыстым інеем дрэў. І, вядома, вясна … Мора святла, зеляніны, кветак і пахаў. Упрыгожваюць сябе раскошнымі завушніцамі беластволыя бярозкі, дрэвы апранаюцца ў лёгкія зялёныя сукеначкі. Апранаюць свой шлюбны ўбор яблыні, грушы, вішні, слівы, а паветра напоена водарам зеляніны.

Але не толькі прырода ўпрыгожвае мой край. Людзі ў нас таксама цудоўныя. Усе ветлівыя і гасцінныя, працавітыя і клапатлівыя.

Жыве тут сціплая жанчына, паэтка, былая настаўніца Аляксандра Іванаўна Панасенка. Яе сэнсам жыцця і творчасці сталі радкі: ”Няхай будзе больш дабрыні і святла ў сэрцах людей”. Усё сваё жыццё Аляксандра Панасенка прысвяціла педагагічнай дзейнасці. Увесь час, насуперак жыццёвым выпрабаванням, імкнулася да гармоніі ў жыцці і працы, марыла выкладаць рускую літаратуру, якую вельмі любіла, і мара яе здзейснілася. Пісаць вершы пачала ў дзяцінстве, але толькі ў сталым узросце прачытала іх сваім сябрам, вучням. Пазней быў выдадзены зборнік вершаў “Мая малітва”. Вершы Аляксандры Іванаўны гучаць на дзвюх мовах – рускай і беларускай, бо яна лічыць іх роднымі. Многія жыццёвыя назіранні знайшлі адбітак у яе творчасці. Сама яна кажа: “Галоўнае, каб людзі, чытаючы іх, імкнуліся стаць лепшымі, каб знаходзілі ў радках штосьці сваё”.

Цяпер ты, дарагі чытач, маеш уяўленне пра маю маленькую радзіму, пра мой любімы Карэліцкі край. Ці захацелася табе наведацца ў мой родны куток? Шчыра запрашаю на вандроўку па любімых мясцінах, на сустрэчу з таленавітымі людзьмі, і ты сам пераканаешся, які ён непаўторны і прыгожы.