Намеснік старшыні СВК “Жухавічы” Міхаіл Штыцько ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”

Мэтанакіраваныя і працавітыя аграрыі Карэліччыны не прывыклі гаварыць аб сваіх поспехах, але  дзякуючы  іх намаганням на нашых сталах заўсёды  мяса, малако, гародніна, свежы духмяны хлеб і   ўсё тое, што так неабходна для паўнавартаснага жыцця чалавека.

У кастрычніку бягучага года прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў медаль “За працоўныя заслугі” намесніку старшыні СВК “Жухавічы” Міхаілу Штыцько. Сам  уладальнік медаля прызнаўся, што гэта  самая высокая ўзнагарода ў яго кар’еры, і дадаў, што вырашальная роля ў ацэнцы яго працы належыць не асабіста яму, а ўсяму калектыву, асабліва агранамічнай службе гаспадаркі.

– Урадлівасць палёў, высокія вытворчыя паказчыкі, якія прымушаюць іншыя гаспадаркі раёна раўняцца на нас, – усё гэта вынік працы работнікаў АПК. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. І спыняцца на дасягнутым мы не маем намеру, – падкрэслівае    Міхаіл Міхайлавіч і  дадае: – У нашай гаспадарцы заўсёды была моцная агранамічная служба. Мы першымі ў дзевяностыя гады сталі займацца вырошчваннем цукровых буракоў, першымі пачалі сеяць  азімы трыцікале, адны  з першых пачалі атрымліваць высокую ураджайнасць. Так,  загадчык вытворчага ўчастка № 1 Валерый Грамыка атрымаў сёлета 90 ц/га зерневых. Усё гэта  дзякуючы добрасумленнаму стаўленню, адказнасці і любові  да працы. А добрым прыкладам  для мяне асабіста заўсёды былі мае родныя.  Дзед Уладзімір Іосіфавіч у 1939 годзе стаў першым старшынёй калгаса ў в. Кожава. Бацька Міхаіл Уладзіміравіч пачынаў сваю  працоўную  дзейнасць  у гэтым калгасе з шафёра, а на пенсію пайшоў намеснікам старшыні па механізацыі. Меў медаль “За працоўныя заслугі”, тройчы  прывозіў   медалі з ВДНГ.

Сам Міхаіл Міхайлавіч родам з вёскі Кожава.  Пасля заканчэння школы  вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым універсітэце на агранамічным факультэце.  Пасля арміі  ў 1989 годзе прыйшоў на працу ў гаспадарку, быў аграхімікам, праз чатыры гады стаў галоўным аграномам і дваццаць пяць гадоў адпрацаваў на гэтай пасадзе. З 2015 года – намеснік старшыні па вытворчасці. У звычайным жыцці сціплы, а ў працы – патрабавальны і ўважлівы да дэталяў. Толькі прыедзе на аб’ект, адразу заўважыць, дзе і што трэба падправіць, каму якія задачы паставіць. “Жалезная дысцыпліна, душэўная атмасфера”, –  дзеляцца яго падначаленыя. І тут жа тлумачаць: пры неабходнасці  намеснік старшыні  і выхавае, і навучыць, і накіруе ў патрэбнае рэчышча.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара