У Карэліцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў ушанавалі ветэранаў
10 лістапада ў СССР адзначаўся Дзень савецкай міліцыі. Супрацоўнікі ўнутраных спраў заўжды стаялі на варце грамадскага правапарадку, рабілі ўсё, каб краіна магла спаць спакойна. У сучаснай Беларусі супрацоўнікі МУС адзначаюць прафесійнае свята чацвёртага сакавіка. Але дата 10 лістапада не забыта. У гэты дзень у нашай краіне адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС.
Нягледзячы на слоту, ветэраны, якія сабраліся на свята, усміхаліся і паціскалі адзін аднаму рукі. Вядома, ім прыемна было бачыць сваіх сяброў і саслужыўцаў. Яны доўга стаялі на вуліцы, дзяліліся поспехамі сваіх дзяцей, расказвалі пра цяперашняе месца працы, успаміналі выпадкі з мінулага.
Першым на ўрачыстым мерапрыемстве перад ветэранамі выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, які падзякаваў супрацоўнікам унутраных спраў за іх нялёгкую, але вельмі важную працу.
— Дзякуючы вам мы дзесяцігоддзямі жывём мірна і спакойна, — адзначыў Аляксандр Віктаравіч. — Вельмі важна, каб чалавек адчуваў сябе ўтульна ў нашым грамадстве. Каб у нас было спакойна на дарогах, на вуліцах і ў нашых дварах. Вы, паважаныя сябры, у свой час зрабілі сваю працу вельмі якасна, кожны на сваім участку. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў хочацца сказаць вам дзякуй за тое, што вы чэсна, дабраякасна выконвалі свае функцыі і з гонарам прадстаўлялі органы ўнутраных спраў Карэліцкага раёна, а цяпер перадаеце свае веды і вопыт маладому пакаленню. Хочацца пажадаць, каб вы на доўгія годы заставаліся здаровымі, каб былі здаровымі вашы родныя і блізкія. Поспехаў, міру і спакою. Са святам!
За шматгадовую добрасумленную і бездакорную службу ў органах унутраных спраў Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шкадаў узнагародзіў ветэрана ўнутраных спраў Леаніда Рыжкоўскага. Ганаровая грамата Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў была ўручана Аляксандру Сачуку.
Наступным павіншаваў ветэранаў начальнік аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта палкоўнік Аляксей Гаўрош:
— Паважаныя ветэраны, ад імя Карэліцкага РАУС хачу павіншаваць вас са святам. Менавіта на вас трымаецца фундамент Карэліцкага аддзела ўнутраных спраў. Вы многа зрабілі для нашага РАУС. Хачу пажадаць вам шчасця, здароўя, доўгіх гадоў жыцця. Каб вы заўжды радаваліся жыццю, прыходзілі да нас, мы заўжды рады вітаць вас, прыняць, пагутарыць, пачуць ад вас словы падтрымкі і добрага настаўлення.
За шматгадовую добрасумленную і бездакорную службу ў органах унутраных спраў Аляксей Іванавіч уручыў нагрудны знак Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь “За адданасць абавязку і прысязе” ветэранам унутраных спраў Аляксандру Кандрусіку і Алене Валюк. Нагрудным знакам “Беларускі саюз афіцэраў” быў узнагароджаны ветэран унутраных спраў Станіслаў Сакалоў. Нагрудны знак “65 гадоў Расійскаму саюзу ветэранаў” уручылі ветэрану ўнутраных спраў Рыгору Скачкову.
За актыўнае садзейнічанне органам унутраных спраў у выкананні ўскладзеных на іх абавязкаў, аказанне садзейнічання ў прапагандзе дзейнасці органаў унутраных спраў падзяка начальніка аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага райвыканкама аб’яўлена Уладзіміру Лежаню, Валерыю Пярэську, Аляксандру Марозу, Валерыю Ковалю.
Ад імя ветэранскай арганізацыі выступіў Аляксандр Кандрусік, які сказаў, што праца супрацоўнікаў аддзела высока цэніцца на дзяржаўным узроўні:
— Прыемна чуць, як Прэзідэнт кажа, што мы адзіная рэспубліка на постсавецкай прасторы, дзе дзеці вечарам могуць гуляць па вуліцы ў любы час, і бацькі не баяцца за сваіх дзяцей. Органы міліцыі заўжды на варце і робяць так, каб наш народ быў у бяспецы.
Аляксандр Кандрусік адзначыў, што яму вельмі прыемна, што на гэтай сустрэчы сабралася так многа ветэранаў і ўспомніў тых, хто, на жаль, ужо пакінуў гэты свет. Памяць пра памерлых ветэранаў ушанавалі хвілінай маўчання.
— Ад імя ветэранскай арганізацыі жадаем вам моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, поспехаў, — працягнуў Аляксандр Яўгеньевіч. — Каб Карэліцкі РАУС заўжды займаў дастойнае месца ў нашай вобласці. Наш аддзел заўжды быў у лідарах, спадзяёмся, так будзе і далей.
Прыехаў павіншаваць супрацоўнікаў РАУС святар храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы агр. Турэц іерэй Андрэй Абрамовіч, які пажадаў ветэранам вялікай дапамогі Бога ім, іх родным і блізкім.
Пасля афіцыйнага віншавання пачаўся канцэрт. Ветэранаў віншавалі ўдзельнікі эстраднага калектыву “Арт-Снеж”, якія падарылі гасцям многа ўсмешак і зарад пазітыву на доўгі час.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара