На пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама абмеркавалі ўмацаванне грамадскай бяспекі і дысцыпліны
На пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама абмеркавалі ўмацаванне грамадскай бяспекі і дысцыпліны. Абмеркаванне ішло ў рамках рэалізацыі дырэктывы № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».
Як было адзначана, суб’екты прафілактыкі рэгіёна правялі за 9 месяцаў пэўную работу, якая па шэрагу момантаў дала станоўчыя вынікі. У прыватнасці, дасягнута зніжэнне колькасці загінулых на пажарах, колькасць агульнай злачыннасці засталася на леташнім узроўні.
Утой жа час, нягледзячы на прымаемыя меры, колькасць траўміраваных на вытворчасці вырасла з чатырох да шасці чалавек. У трох выпадках прычынамі траўм сталі кантакты людзей з жывёлай, у двух — уздзеянне дэталей, якія рухаюцца, у адным — дарожна-транспартнае здарэнне.
У жніўні няшчасны выпадак здарыўся з работнікам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Мужчына хацеў хутчэй выканаць сваю працу і ўвайшоў у клетку, дзе знаходзіўся 680-кілаграмовы бык. Пасля ўдару жывёліны чалавек атрымаў шматлікія траўмы галавы.
У верасні ў другім сельгаспрадпрыемстве з тэрыторыі вагавой вырваліся два быкі. Жывёлавод паспрабаваў спыніць аднаго з іх, махаючы палкай. У выніку — траўмы грудной клеткі, жывата, паясніцы.
У верасні нецвярозы жывёлавод аднаго з сельгаспрадпрыемстваў рэзкім рухам спалохаў быка і атрымаў траўму нагі.
22 студзеня на аўтадарозе Карэлічы-Валеўка-Наваельня вадзіцель легкавога аўтамабіля выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтобусам. У выніку вадзіцель аўтобуса і ветэрынарны ўрач, які ехаў з ім, атрымалі траўмы, а вадзіцель легкавой машыны загінуў.
На пасяджэнні райвыканкама падкрэслілі, што прычынамі вытворчага траўматызму сталі парушэнні правіл аховы працы і правілаў дарожнага руху пацярпелымі. Віна кіраўнікоў і службовых асоб арганізацый па выніках расследаванняў не ўстаноўлена.
— У выніку праверак захавання заканадаўства аб ахове працы выяўлена 541 парушэнне, пры гэтым 66,4% ад агульнай колькасці парушэнняў — у сферы аграпрамысловага комплексу, — адзначае намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч. — Нямала іх і на будаўнічых пляцоўках. Рабочыя месцы на вышыні не агароджваюцца, будаўнічыя лясы не мацуюцца да сцен будынкаў, адсутнічаюць бартавыя агароджы, выкарыстоўваюцца прыстаўныя драўляныя лесвіцы. Работнікі грэбуюць ахоўнымі каскамі і страховачнымі паясамі, хоць усе гэтыя сродкі індывідуальнай абароны ім выдадзены. Абуральныя выпадкі, калі працаўнік садзіцца за руль службовай тэхнікі нецвярозым.
На тэрыторыі раёна з двух да васьмі павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, параненых у іх з двух да дзесяці, адзін чалавек загінуў.
У студзені работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна ў нецвярозым стане вяртаўся дадому на веласіпедзе. У нейкі момант ён не справіўся з кіраваннем і зваліўся на аўтамабіль, які ехаў у папутным кірунку.
Падобны выпадак здарыўся ў маі. Работніца жывёлагадоўчага аб’екта села на веласіпед, папярэдне прыняўшы алкаголь, і па дарозе з работы дадому сутыкнулася з папутным аўтамабілем.
У чэрвені ў г.п. Карэлічы вадзіцель не спыніўся перад пешаходным пераходам і збіў чалавека, які ад атрыманых траўм памёр у бальніцы.
За 9 месяцаў на тэрыторыі раёна адбылося 23 пажары (у мінулым — 32), загінула два чалавекі (у мінулым не стала трох чалавек).
У сакавіку ў в. Далматаўшчына пры неасцярожным абыходжанні з агнём загінуў 56-гадовы гаспадар дома. Экспертыза ўстанавіла, што ён быў п’яны.
У маі ў в. Дорагава загінуў мужчына, які тапіў печ з адчыненай дзверцай, пажар пачаўся з-за выпаўшага вугля.
У гэтым жа месяцы дачнік, які прыехаў у агр. Цырын, атрымаў тэрмічныя апёкі 2-3 ступені на 12% цела пры эксплуатацыі печы з адчыненай дзверцай.
На вадаёмах сёлета загінулі два чалавекі. Адна трагедыя адбылася на рацэ Уша, калі нецвярозы рыбак паслізнуўся на беразе і патануў. Другое няшчасце здарылася на рацэ Сэрвач: мужчыне стала дрэнна з сэрцам і ён патануў на глыбіні 50 см.
На пасяджэнні райвыканкама адзначалася, што на тэрыторыі раёна адбылося 114 злачынстваў, столькі ж здзейснена і летась. Але пры гэтым з 34 да 47 вырасла колькасць крадзяжоў, і з 11 да 14 колькасць злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах.
Аналіз наркалагічнай сітуацыі паказвае, што ў раёне зменшылася на 20 колькасць асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку. На ўліку ва ўрача-нарколага знаходзіцца 628 чалавек, у тым ліку 140 жанчын. Пры гэтым з 19 да 26 павялічылася колькасць хранічных алкаголікаў, ізаляваных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
— Мы бачым, што праблемы грамадскай бяспекі і дысцыпліны на сёння цалкам не вырашаны, — адзначыў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — Адной з галоўных прычын гібелі людзей застаецца чалавечы фактар, заснаваны на няведанні і невыкананні мер бяспекі, а таксама на адсутнасці неабходных навыкаў паводзін у надзвычайных сітуацыях. А таму работа па прафілактыцы і папярэджанні надзвычайных здарэнняў застаецца актуальнай, бо за ёй чалавечыя жыцці і здароўе, матэрыяльныя страты з сур’ёзнымі наступствамі.
Дакладваючы аб мерах па прафілактыцы правапарушэнняў, якія ўчыняліся раней судзімымі асобамі, начальнік Карэліцкага РАУС Аляксей Гаўрош адзначыў, што на ўліку знаходзяцца 152 судзімыя асобы. Колькасць рэцыдыўных злачынстваў знізілася на 25,8%. Сярод злачынстваў — крадзяжы і пашкоджанне маёмасці, разбой, упраўленне транспартам без права на кіраванне. У раёне не дапушчана забойстваў, згвалтаванняў, злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, дачы хабару. Прычынамі ўчынення злачынстваў з’яўляюцца п’янства і працоўная незанятасць. У бягучым годзе ізалявана ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 7 раней судзімых асоб. Па словах начальніка РАУС, раней судзімым грамадзянам неабходна аказваць дапамогу ў працаўладкаванні і праводзіць прафілактычную працу ўсімі зацікаўленымі службамі.
З пытаннем «Аб фарміраванні эфектыўнай сістэмы ідэалагічнай і выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю» выступіла начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, якая адзначыла:
— Як пацвярджэнне пошуку новых сучасных падыходаў да арганізацыі выхаваўчай работы ў раёне рэалізуюцца інавацыйныя праекты Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: з 9 інавацыйных і эксперыментальных праектаў, якія рэалізуюцца на базе школ, тры па пытаннях выхаваўчай і ідэалагічнай работы. Шэсць школ маюць статус рэсурсных цэнтраў па пытаннях выхавання, з іх адна — абласнога ўзроўню, пяць — раённага ўзроўню. У выхаваўчай рабоце з вучнямі на працягу апошніх двух гадоў зроблены акцэнты на ўдасканаленне грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў якасці аднаго з прыярытэтных прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара