У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна людзі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця знаходзяць занятак для душы

Напярэдадні Дня інвалідаў, 29 лістапада, журналісты  раённай газеты «Полымя» завіталі ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна», каб даведацца пра іх захапленні.

ЕЛАЧКІ — У ПАДАРУНАК

Наша знаёмства пачалося з гуртка «Умелыя рукі», кіраўніком якога з’яўляецца Наталля Маліко. У гэтыя дні яго наведвальнікі робяць зялёныя прыгажуні. Для вырабу елачак бяруць кардон і ніткі, затым іх дэкарыруюць шышкамі, шарыкамі, пацеркамі — і атрымліваецца навагодняя цацка.

— Робім елачкі для Жухавіцкага дома-інтэрната і Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, — гаворыць Наталля Міхайлаўна. — Работа карпатлівая, але вынік радуе: атрымліваецца добры падарунак. Мяркуем зрабіць трыццаць елачак. Члены гуртка стараюцца: укладваюць усю сваю душу.

Назіраючы за ўмелымі рукамі наведвальнікаў гуртка (ці не ад самой яго назвы), думалася: для таго, каб падарыць іншаму радасць, трэба няшмат. Неабходна зрабіць сваімі рукамі елачку, каб іншыя маглі ўсміхнуцца і адчуць сябе шчаслівымі.

«Я ЛЮБЛЮ БЕЛАРУСЬ…»

Руслана Ганчарова, наведвальніка гуртка «Камп’ютарная грамата», уважлівага і сур’ёзнага, застаём за камп’ютарам.

— Чытаю навіны аб усім, што адбываецца ў свеце і Беларусі, — апавядае суразмоўца. — Я люблю сваю Радзіму…

Руслан адзначае, што Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведвае з 2011 года. Тут яму вельмі падабаецца, тут набыў шмат сяброў. Ён прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў гэтай установе. Любіць спяваць і выконвае песні, якія  даспадобы слухачам. Сярод мелодый, якія кранаюць сэрца, — песня «Домик окнами в сад».

Руслан жыве ў вёсцы Баранавічы. Кіламетры не служаць перашкодай для наведвання ЦСАН, таму што любіць з карысцю праводзіць вольны час.

«Я АКТЫЎНАЯ І ТАКОЙ БУДУ!»

Наведвальніца аддзялення Аксана Хваська сем гадоў сябруе з Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у гуртках адчувае сябе камфортна.

— Калі прыйшла ў ЦСАН, умела вышываць гладдзю, рабіла вырабы з паперы, вязала лялькі. Тут навучылася плесці кошыкі і шмат іншага, — прызнаецца наведвальніца аддзялення і далей апавядае пра асноўны свой талент: умее пячы пірагі і тарты. Прыносіць рэцэпты ў Цэнтр. Гатуюць па іх прысмакі, каб затым разам паласавацца і папіць гарбаты.

Аксана Хваська пра сябе адзначыла: «Я  актыўная і такой буду! Езджу і хаджу ўсюды, куды запрашаюць, мяне цікавяць новыя сустрэчы, новыя ўражанні, новыя сябры. Дзякуючы сваёй актыўнасці, многаму вучуся, і жыццё набывае каляровыя фарбы».

ЗАХАПЛЕННІ Ў РАДАСЦЬ

З Анастасіяй Азаданавай вядзём гутарку пра яе захапленні. Яна вышывае, вяжа кручком сурвэткі і палавікі, любіць займацца бісерам…

— Цяпер вяжу рукавічкі і шкарпэткі. Вельмі хочацца, каб мае вырабы дапамагалі родным людзям сагрэцца ў сцюдзёнае надвор’е. Ад такой думкі цяплей становіцца на душы. Захапленне мне ў радасць, а яшчэ яно прыносіць іншым задавальненне, — распавядае Анастасія.

Яна наведвае Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з першых дзён яго адкрыцця. Галоўнае, тут сустрэла шмат новых сяброў, ёсць з кім пагаварыць па душах. Па яе меркаванні, калі чалавек не адзін, то дні праходзяць весялей, а калі яшчэ робіш штосьці карыснае, адчуваеш сваю патрэбнасць на зямлі.

НА ФЕСТЫВАЛЬ РАЗАМ

У дзень нашага наведвання ў аддзяленні рыхтаваліся да паездкі на ХІІІ абласны фестываль творчасці маладых інвалідаў, які адбыўся 30 лістапада ў г. Зэльва ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Як адзначыла харэограф Ала Шурак, кіраўнік гурткоў аддзялення, фестываль праходзіў у беларускім стылі і пад беларускую музыку. Выканаўцы сімвалізавалі Беларусь, на сцэну выходзілі з дзяржаўнымі сцягамі. У ім прынялі ўдзел восем наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Падрыхтоўку да фестывалю пачалі даўно, як толькі пачулі аб яго правядзенні. Дзень нашага візіту ў аддзяленне супаў з генеральнай рэпетыцыяй.

 

Падчас абласнога фестывалю «Калі мы разам — мы мацней» у г. Зэльва

«СПОРТ ДЛЯ ЎСІХ»

Клуб «Спорт для ўсіх» сумесна з дзяржаўнай установай «Карэліцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб» функцыянуе з лютага 2019 года. Раней у ЦСАН быў гурток здароўя.

— Супрацоўніцтва дало свае вынікі, — сцвярджае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Ірына Трыбуць. — Інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце ФСК Вольга Рэкун дапамагае арганізаваць сумесныя мерапрыемствы, а таксама на гэтыя мэты выдаткоўваецца спартыўны інвентар. Менавіта  дадзеная дапамога служыць добрай дапамогай для заняткаў маладых інвалідаў спортам.

…У гэты дзень наведвальнікі аддзялення накіраваліся на стадыён «Юнацтва» г.п. Карэлічы, да якога ад Цэнтра рукой падаць. Яны праводзяць заняткі па скандынаўскай хадзе. Хочацца сказаць ім: «Гэта так здорава, што вы сябруеце са спортам!»

Ірына ТРЫБУЦЬ,

загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна»:

— У нашым раёне жыве нямала людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія імкнуцца весці актыўны лад жыцця, наведваць гурткі па інтарэсах, праводзіць час у гутарцы і карысных справах захапляюча і з карысцю. Такую магчымасць прадастаўляе ім ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна», аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, якое функцыянуе амаль 15 гадоў (было адкрыта 3 студзеня 2008 года).

У аддзяленні працуюць загадчык аддзялення, спецыяліст па сацыяльнай рабоце, кіраўнік гурткоў і інструктар па працатэрапіі. Асноўныя накірункі работы гурткоў, клубаў і рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні вызначаюцца работнікамі аддзялення з улікам здольнасцей і інтарэсаў наведвальнікаў аддзялення, мясцовых асаблівасцей, магчымасцей. Тут працуюць творчыя і адказныя людзі, якія разумеюць, што ад правільна пастаўленых мэт і задач залежыць вынік.

Аддзяленне наведвае 46 чалавек. Хтосьці дабіраецца сюды самастойна, а камусьці дапамагаюць бацькі і работнікі Цэнтра.

Адзін з накірункаў дзейнасці аддзялення прадстаўлены работай 5 гурткоў: арт-тэрапеўтычны «Чароўны аловак», рукадзелле «Умелыя рукі», «Камп’ютарная грамата», «Мы познаем свет» тэатральны «Радуга»; 3 клубы: «Шанс», «Мы разам», «Спорт для ўсіх» — сумесна са спартыўнай школай (з 2019 года); адна рэабілітацыйна-працоўная майстэрня. У летні перыяд працуе лагер «Белы парус».

У рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні заўсёды весела. На занятках гуртка «Пунсовая кветачка» выхаванцы займаюцца азеляненнем, вучацца вырошчваць кветкі, правільна іх даглядаць, рыхліць і праполваць зямлю. З вялікім жаданнем чакаюць рабяты заняткаў у гуртку «Гаспадынька», дзе вучацца гатаваць смачныя стравы з інструктарам Алай Анатольеўнай Шурак. Заўсёды з усмешкай сустракае сваіх падапечных кіраўнік гуртка Наталля Міхайлаўна Маліко. На занятках гурткоў «Чароўны аловак», «Умелыя рукі» рабяты робяць цудоўныя сувеніры для сябе, дораць родным і сябрам.

Работа аддзялення праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з іншымі аддзяленнямі Цэнтра, установамі адукацыі, культуры, аховы здароўя, сельвыканкамамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі гарпасёлка і раёна, прыватнымі прадпрымальнікамі, грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, рэлігійнымі канфесіямі.

У аддзяленні наладжана культурна-дасугавая дзейнасць. Праводзяцца святочныя, дабрачынныя мерапрыемствы для інвалідаў да Дзён сям’і,  абароны дзяцей, маці, мерапрыемствы па папярэджанні і прафілактыцы алкагалізму, тытунекурэння, суіцыду. За прайшоўшы перыяд праведзена 37 культурна-масавых мерапрыемстваў: канцэртныя праграмы, сустрэчы, вечары адпачынку, выставы работ наведвальнікаў, экскурсіі і іншае.

Штогод нашы рабяты прымаюць актыўны ўдзел у абласным фестывалі творчасці маладых інвалідаў «Калі мы разам — мы мацней». У гэтым годзе гасцінна адчыніў дзверы таленавітым, мэтанакіраваным, моцным духам людзям Цэнтр культуры Зэльвенскага раёна. Рэгулярна прымаюць удзел у міжрэгіянальных анлайн-марафонах рознай тэматыкі.

Стала традыцыяй сумеснае правядзенне мерапрыемстваў з РА ГА «Беларускае таварыства інвалідаў», РА ГА «Беларускае  таварыства інвалідаў па зроку», аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, а таксама ў рамках работы гурткоў і клубаў з навучэнцамі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У 2020 годзе стартаваў праект «Урокі міласэрнасці» (сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і Праваслаўнай царквою).

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА