Цветоводство, семья и путешествия по Беларуси. Жительница агрогородка Турец Наталья Дрик знает, как не заскучать на пенсии

Жыццё на пенсіі. У кожнага сваё: шчаслівае,  цікавае, спакойнае… Яно ў многім залежыць ад самога чалавека. Менавіта зараз ён можа распараджацца вольным часам. Як гэта ўдаецца Наталлі Уладзіміраўне Дрык з аграгарадка Турэц, пацікавілася падчас сустрэчы журналіст раённай газеты «Полымя».

— Наталля Уладзіміраўна, выхад на пенсію многія чакаюць з нецярпеннем. Як гэта адбывалася ў Вашым жыцці?

— Як і многія, чакала пенсію, каб адпачыць душой. Пайшла ў вызначаны тэрмін, і для мяне гэта была чарговая прыступка на лесвіцы жыцця. Я адчувала сябе спакойна і атрымлівала асалоду ад вольнага часу.

— Ужо сёння можаце сказаць, што спадзяванні спраўдзіліся?

— На пенсіі не сумна, можна займацца любімай справай, больш прысвяціць сябе сям’і і проста радавацца жыццю.

— Здароўе — найкаштоўнейшы дар. Людзі пенсійнага ўзросту часта вядуць размову з блізкімі і знаёмымі на гэтую тэму. Якое склалася меркаванне на гэты конт?

— Сапраўды, здаровы чалавек — шчаслівы чалавек. Ён задаволены жыццём і самім сабою. На пенсіі можа прадаўжаць працаваць і займацца любімай справай. У пенсійным узросце амаль у многіх, як гаворыцца, ёсць свае «балячкі», але трэба змагацца з гэтым і прадаўжаць жыць.

— Мы ўпершыню сустрэліся на свяце кветак у Турцы. Кветкі — гэта захапленне жыцця? А як зімой без кветак?

— З кветкамі сябрую на працягу ўсяго года. Вясной саджу ў агародзе, а зімой займаюся пакаёвымі. Асабліва люблю фіялкі, фікусы, спатыфілум, архідэі, іншыя. Люблю, калі мне дораць букеты кветак да свят, а сама дзялюся імі са знаёмымі да Дня ведаў і дзён нараджэння.

— Многія на заслужаным адпачынку сцвярджаюць, што душу саграваюць дзеці і ўнукі. Вы можаце паведаць пра гэтую вялікую радасць?

— Я шчаслівая бабуля. У мяне пяцёра ўнукаў. Старэйшаму Мікіце 15 гадоў, вучыцца ў Мінскім радыётэхнічным каледжы, а меншай Вікторыі — 3 гады 6 месяцаў, ходзіць у дзіцячы садок аграгарадка Турэц. Моцна люблю ўсіх унукаў, частую рознымі ласункамі і гатую  апетытную ежу. Яны ласкавыя і таленавітыя.  Дапамагаюць па доме і ў агародчыку  даглядаць кветкі і наводзяць парадак на падворку.

— А падарожнічаць любіце?

— Разам з унукамі наведваем знакамітыя мясціны і гарады Беларусі. Хочацца, каб яны бліжэй пазнаёміліся з родным краем. Былі ў Навагрудку, Баранавічах, Нясвіжы, вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці і іншых месцах.

— На заслужаным адпачынку чалавек пераасэнсоўвае каштоўнасці жыцця. Што асабліва шануеце ў людзях?

— Люблю добрых людзей — яны падтрымаюць у цяжкую хвіліну і падставяць плячо. Нездарма гавораць, што на дабрыні трымаецца свет.

— А ці ёсць тое, што  асабліва хвалюе?

— Хвалюе далейшы лёс унукаў. Хочацца, каб яны знайшлі сябе ў жыцці, выраслі годнымі людзьмі, паважалі старэйшых і каб у іх усё атрымалася.

— Што б пажадалі людзям пенсійнага ўзросту?

— Здароўя. Калі будзе здароўе, будзе радасць у жыцці.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ