В Кореличском районе проводят профилактические рейды по местам подледной ловли рыбы

Лёд –  прыродны цуд,  які з’яўляецца  з надыходам  мінусавых тэмператур. Разам з сабой ён прыносіць радасць ад катання на каньках і задавальненне для аматараў зімовай рыбалкі. А між іншым ён утойвае яшчэ і вялікую  небяспеку. Хапае ўсяго дзесяці хвілін, каб перастала біцца сэрца чалавека, які апынуўся ў ледзяной вадзе. Для папярэджання няшчасных выпадкаў на вадаёмах у зімовы перыяд работнікі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і работнікі Карэліцкага РАУС сумесна з прадстаўнікамі Карэліцкай раённай арганізацыі  выратавання на водах правялі прафілактычны рэйд па месцах рыбнай лоўлі.

Не паспеў на вадаёмах з’явіцца лёд, а знаходлівыя рыбакі  прыглядаюць вакантныя месцы для рыбнай  лоўлі. Рэйдавая група  аб’ехала  азёры  ў г.п. Карэлічы, аграгарадках Райца,  Варонча,   Цырын,   Лукі, в. Баяры, наведаліся і на раку Сэрвач, што каля в. Асташын, каб даведацца, ці  выконваюцца меры бяспекі знаходжання на лёдзе.

Аматараў зімовай рыбалкі  давялося сустрэць  на двух аб’ектах:  на возеры  Юбілейнае  –  дваіх і аднаго   на рацэ Сэрвач.

Падчас   размовы з  рыбаловамі  члены рэйдавай групы расказалі пра сумныя факты гібелі людзей з-за безадказнасці і саманадзейнасці, грэбавання правіламі бяспекі.  Асаблівы акцэнт пры размове  рабіўся на  нашэнні выратавальных камізэлек пры зімовай лоўлі рыбы і наяўнасці неабходных выратавальных сродкаў.   Па словах  рыбакоў,   на возеры Юбілейнае   ўжо ўстанавілася  дастаткова трывалае пакрыццё  і таму  можна смела займацца любімай справай. А вось на рацэ Сэрвач яно яшчэ адсутнічае. Таму нам давялося ўбачыць рыбалова  за любімым заняткам на беразе.

Старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах Аляксандр Кандрусік у чарговы раз нагадаў  пра меры перасцярогі на лёдзе,  звярнуўшы ўвагу на некаторыя моманты:  надзейны лёд  –  празрысты,  з зеленаватым адценнем,  таўшчыня якога не менш сямі сантыметраў. Спыніўся і на тым, што калі даводзіцца перамяшчацца па лёдзе групамі, то неабходна прытрымлівацца небяспечнай дыстанцыі.  А таксама  расказаў,  што трэба рабіць, калі  апынуліся ў ледзяным палоне, нагадаў пра спосабы выратавання  і  аказання дапамогі пацярпеламу. Аляксандр Яўгеньевіч зазначыў, што арандатары водных аб’ектаў, дзе ажыццяўляецца рыбная лоўля ў зімовы і летні перыяды, павінны арганізаваць работу выратавальных пастоў. Ён  упэўнены, што папярэдзіць бяду можна, калі своечасова праводзіць тлумачальныя гутаркі па прафілактыцы  гібелі людзей на вадзе, сумесныя прафілактычныя рэйды. Рэйдавыя праверкі  водных аб’ектах зацікаўленымі службамі раёна будуць праводзіцца штотыднёва. Асаблівая ўвага  будзе надавацца выхаду на лёд без выратавальных сродкаў.  З пачатку ледастава  на Гродзеншчыне другія выхадныя запар  на вадзе гінуць людзі: выходзяць на неакрэплы лёд, ігнаруючы ўсе довады таварыства выратавання на водах і МНС.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара