На рынке в г.п. Кореличи установлен факт продажи мяса без холодильника

Спецыялісты Карэліцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі  сумесна з карэспандэнтам рэдакцыі газеты “Полымя” правялі чарговы рэйд на карэліцкі  рынак. Такія мерапрыемствы праводзяцца з  мэтай выключэння парушэнняў вулічнага гандлю.   

Падчас  праверак асаблівая ўвага звяртаецца на тэрміны захоўвання  прадуктаў, якасць, умовы рэалізацыі,  стан упакоўкі, наяўнасць неабходнай інфармацыі для пакупніка на маркіроўцы прадукцыі. Акрамя інфармацыі аб вытворцы і тэрмінах захоўвання,  спецыялісты санітарнай службы пільную ўвагу надаюць агульнаму санітарнаму стану аб’ектаў гандлю, правядзенню ўборкі памяшканняў, халадзільнага і гандлёвага абсталявання, захаванню тэмпературнага рэжыму  ў халадзільных вітрынах.

Першы прыпынак зрабілі каля   самазанятых  з Клецкага раёна, якія на карэліцкім рынку  рэалізуюць   вырабы са свініны. Фермеры расказалі, што  яны самі гадуюць жывёлу і самі перапрацоўваюць мяса. Асартымент прадукцыі багаты, і выгляд яна мае апетытны. Пры гэтым  частка гатовай прадукцыі захоўваецца і рэалізуецца  з маразільнай вітрыны, а частка  ляжыць проста на стале, што з’яўляецца парушэннем умоў рэалізацыі харчовай  прадукцыі.

Супрацоўнікамі райЦГЭ быў правераны гандлёвы павільён мясной прадукцыі Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.  Падчас праверкі  аб’екта ў поле зроку правяраючых трапіла халадзільнае абсталяванне для захоўвання мясной прадукцыі, якое даўно чакае чысціні.Парушэнне было выяўлена і пры праверцы гандлёвага павільёна рыбнай прадукцыі Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Тут у правяраючых  узніклі пытанні  па эксплуатацыі маразільнага абсталявання для захоўвання рыбнай прадукцыі, якое мае дэфекты пакрыцця (карозію), а гэта не забяспечвае абарону рэалізуемай прадукцыі ад забруджвання.

Па выніках маніторынгу на адрас суб’екта гаспадарання “Карэліцкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства”  накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі  выяўленых парушэнняў. Рэалізацыя мясной прадукцыі на карэліцкім рынку прыватнымі асобамі з Клецкага раёна ўзята на кантроль райЦГЭ.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара