В Райцевской средней школе агрокласс помогает школьникам постигать азы сельского хозяйства

На базе ўстановы адукацыі “Райцаўская сярэдняя школа” каторы год працуюць профільныя класы аграрнай накіраванасці, вучні якіх вучацца па профільных прадметах: біялогія і хімія, неабходных для паступлення.

Па словах дырэктара школы Пятра Буляка, накірунак перспектыўны, бо нават калі выпускнік у апошні момант перадумае паступаць у пэўную навучальную ўстанову (а такое здараецца), то ў яго заўжды ёсць альтэрнатыўны варыянт, куды паступіць без экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання (выпуснікі аграрнага класа могуць быць залічаны ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы па выніках гутаркі, без уступных выпрабаванняў і вынікаў ЦТ). У Беларусі дастаткова вну і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў, якія прымаюць па такіх аграрных спецыяльнасцях.

— Вывучэнне любога прадмета на павышаным узроўні нікому не пашкодзіць, — расказвае Пётр Міхайлавіч. — У гэтым навучальным годзе на базе школы існуюць дзве групы аграрнай накіраванасці, па тры вучні ў дзясятым і адзінаццатым класах. Мы не можам прыняць у групу ўсіх жадаючых, дзеці павінны адпавядаць пэўным атэстацыйным умовам. Так, напрыклад, адзнака па хіміі і біялогіі павінна быць не меншай за шэсць.

У школе праводзіцца мэтанакіраваная праца па накіраванні дзяцей на вучобу па аграрных спецыяльнасцях. Напрыклад, ладзяцца рэгулярныя сустрэчы з прадстаўнікамі СВК “Свіцязянка-2003”. Частымі гасцямі з’яўляюцца старшыня гаспадаркі і яго намеснік. Часцей за ўсё на заняткі да вучняў прыходзіць намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Алена Клаўсуць. Вельмі падабаюцца дзецям сустрэчы з галоўным заатэхнікам Віктарам Саўко. Ён нарадзіўся тут і пасля вучобы ва ўніверсітэце мэтанакіравана вярнуўся на маленькую радзіму, дзе дасягнуў вялікіх поспехаў на ніве жывёлагадоўлі.

— Запрашаць такога чалавека, які да таго ж умее прыгожа расказваць пра сваю працу, вельмі прыемна, — дзеліцца дырэктар школы.

Акрамя таго, што настаўнікі запрашаюць прадстаўнікоў СВК на заняткі, яны самі арганізуюць для дзяцей экскурсіі на прадпрыемства, наведваюць і фермы, і мехмайстэрні, каб дзеці бачылі, якія ўмовы ствараюцца для работнікаў гаспадаркі, што менавіта робіць той ці іншы спецыяліст. Часцей за ўсё ладзяць экскурсіі ў рамках факультатыва “Уводзіны ў аграрную прафесію”, дзе абавязковай з’яўляецца практычная частка, якую немагчыма правесці без наведвання прадпрыемства. У школе кажуць, што хацелася б пашырыць геаграфію экскурсій, каб наведваць іншыя гаспадаркі.

— СВК “Свіцязянка-2003” — наш галоўны памочнік, — кажа Пётр Міхайлавіч. — Дзеці вельмі хутка ўпітваюць тое, што адбываецца наўкола. Большасць іх бацькоў працуе ў гаспадарцы, дома яны абмяркоўваюць свой дзень, дзеці гэта чуюць і разумеюць. Ужо адтуль яны ведаюць, што адбываецца на працы, якія там створаны ўмовы.

У рамках прафарыентацыйнай работы школу наведваюць прадстаўнікі розных навучальных устаноў. Плённая праца з Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэтам прывяла да таго, што выпускнік 2022 года Міхаіл Купраш паступіў туды вучыцца па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”. Хлопец узяў мэтавае накіраванне ад прадпрыемства, і яно дадаткова выплачвае яму стыпендыю ў памеры дзвюх базавых велічынь штомесячна. Яго аднакласніца Вікторыя Шыш вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы па спецыяльнасці “фельчар-гігіеніст, эпідэміёлаг” па мэтавым накіраванні ад раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Частымі гасцямі з’яўляюцца прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Класны кіраўнік выпуска 2022 года Святлана Варава дадае, што выпуснікі агракласа ўжо даўно далучыліся да сельскагаспадарчай працы. На працягу некалькіх гадоў летам вучні працуюць у СВК “Свіцязянка-2003” і КСУП “Малюшычы”. Дзеці ўносяць свой пасільны ўклад у развіццё малой радзімы: разам з кіраўніком роднага СВК Аляксандрам Мяцеліцам пасадзілі маладыя яблыні і грушы ў “Садзе надзеі”.

— Навучэнцы агракласаў могуць больш упэўнена планаваць сваю прафесійную будучыню, а значыць, дакладней ацэньваць перспектывы працаўладкавання і працы ў аграрнай сферы, — кажа Святлана Аляксандраўна.

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара