Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Сяргей Іосіфавіч Пляскач чатыры дзесяцігоддзі самааддана шчыруе на зямлі

Зямля. Яе подых чалавек адчувае, калі ўсёй душой дакранаецца да яе таямніц і калі ёй з дня ў дзень служыць — праца становіцца сэнсам жыцця. У сваю чаргу зямля-матухна аддзячвае рупліўца спаўна, адорваючы восенню багатымі ўраджаямі. Да таго ж, старанні хлебароба заўсёды былі і засталіся ў пашане —  да яго прыходзіць прызнанне.

Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Сяргей Іосіфавіч Пляскач занесены на раённую Дошку пашаны. І гэта не выпадкова: чатыры дзесяцігоддзі самааддана шчыруе на зямлі.

— Я нарадзіўся ў Казахстане. Бацькі мясцовыя, паехалі ўзнімаць цаліну. У Турэц вярнуліся, калі мне было тры гады, — пачынае свой аповед суразмоўца і дадае, што закончыў дзесяць класаў Турэцкай сярэдняй школы, атрымаў пасведчанне трактарыста ў Мірскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Пасля школы год працаваў трактарыстам у роднай гаспадарцы, а затым служыў у арміі.

Пасля службы вярнуўся ў родныя мясціны. У мясцовым калгасе далі новы пагрузчык, на якім выконваў розныя работы. Затым працаваў на К-700 і  КСК-100. У 2005 годзе атрымаў «Джон-Дзір».

— Араў, сеяў, культываваў глебу, нарыхтоўваў кармы, — гаворыць Сяргей Іосіфавіч. — Механізатар — патрэбная прафесія. Калі працаваць на зямлі, то па-сапраўднаму. Маю адзін запіс у працоўнай кніжцы, калі не  ўлічваць таго, што мянялася толькі назва гаспадаркі: калгас, СВК, КУСП.

З задавальненнем суразмоўца ўспомніў пра тых, каго можна назваць касцяком гаспадаркі. Прыжыліся на чарняхоўскай зямлі і на ёй з дня ў дзень шчыруюць Ігар Пятровіч Бушма, Мікалай Аляксандравіч Жук, Сяргей Аляксандравіч Гімпель, Мікалай Мікалаевіч Скіба, Мікалай Мікалаевіч Грэмяка, Валерый Мікалаевіч Пучко.

— Іх можна назваць героямі нашых дзён, яны працуюць ад душы, каб зямля не пуставала і давала добрыя ўсходы, дзеля свайго дабрабыту і краіны ў цэлым, — адзначае механізатар.

Не абыйшло Сяргея Іосіфавіча Плескача і сямейнае шчасце. Жонка Аксана Мікалаеўна выкладае беларускую мову і літаратуру ў Турэцкай сярэдняй школе. Іх радасць — дзеці і ўнукі, якія жывуць у сталіцы.

Галіна СМАЛЯНКА