Карэліччане разважаюць над паняццем «дабрачыннасць»

Вольга КУЛЯКА,

старшыня Карэліцкага раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы фонд»:

— Дабрачыннасць — гэта слова, якое складаецца  з суладнасці двух ёмістых і значных слоў: «дабро» і «чыніць».  І гэта праяўленне не толькі нейкіх матэрыяльных даброт. Гэта тое, што ў душы чалавека, і ў гэтым дзеянні закладзены самыя высокія каштоўнасці — дабро, міласэрнасць, любоў.

Як лідар дабрачыннай грамадскай арганізацыі ў раёне, хачу выказаць вялікія словы ўдзячнасці нашым працоўным калектывам, прадпрымальнікам раёна, арганізатарам навагодніх і калядных мерапрыемстваў, установам адукацыі, культуры, аховы здароўя, Карэліцкаму благачынню і святарам — усім тым, хто душой дакрануўся да акцыі «Нашы дзеці» і хто цяпло сваіх сэрцаў аддаў тым, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу і  хто паверыў у цуда і  казку, у здзяйсненне сваіх запаветных жаданняў.

 

Вольга ЖУК,

кіраўнік валанцёрскай групы «Напоўнім міласэрнасцю сэрцы» аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Карэліцкага раёна:

— У цяперашні час у нашай краіне рэалізуецца шмат дабрачынных акцый. Сутнасць дабрачыннасці, на мой погляд, ясная і зразумелая — гэта калі ты робіш штосьці добрае для іншых, не чакаючы нічога ўзамен. А добрая справа — гэта не заўсёды пра грошы. Іншы раз можна дапамагчы словам ці нават душэўнай размовай. Удзел у дабрачынных мерапрыемствах і марафонах у якасці валанцёраў — выдатная магчымасць актывістаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Карэліцкага раёна адчуць, што яны ў сілах дапамагчы іншым і зрабіць свет крыху дабрэйшым.

Нашы добрыя справы не прыцягваюць маштабам, але аказваюць неабходную падтрымку катэгорыям грамадзянам, якія маюць найбольшую патрэбу. Так, у рамках рэспубліканскай акцыі  «Ад усёй душы» павіншавалі з Новым годам і Калядамі адзінокіх пажылых грамадзян у Жухавіцкім доме-інтэрнаце, Доме сумеснага самастойнага пражывання г.п. Карэлічы, а таксама на даму.

Мы ўнеслі свой уклад у скарбонку добрых спраў у ходзе навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Арганізавалі святочнае мерапрыемства з гульнямі,  Дзедам Марозам і падарункамі для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Далучыліся да акцыі «Цяпло нашых рук для маленькіх ножак», перадалі ў Гродзенскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў звязаныя шкарпэтачкі і пінеткі. Валанцёрства — гэта і ёсць дабрачыннасць. А калі чуеш словы падзякі і бачыш шчаслівыя твары, то разумееш, што займаешся карыснай і патрэбнай справай.

 

Аляксандр ШЛЫК,

дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «ДалексПрод»:

— Камерцыйнай дзейнасцю займаюся не толькі з мэтай атрымання ўласных даходаў, а па магчымасці дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Сваю дабрачыннасць пачаў з першых гадоў працы. У 2004 годзе, калі быў індывідуальным прадпрымальнікам, аказаў першую дапамогу выхаванцам Палужскага сацыяльнага прытулку. Дзяўчынкам і хлопчыкам, якія па волі лёсу аказаліся тут, хацелася падарыць радасць, таму завёз сокі і салодкія пачастункі. Затым пачаў дапамагаць святарам райцэнтра, каб яны маглі пачаставаць іншых.

У скарбонцы дабрачыннасці — шмат карысных спраў. Хачу нагадаць 2014 год. Адна з машын хуткай дапамогі для ўстановы аховы здароўя раёна была набыта з нашым удзелам. У гэтым жа годзе  пералічылі грошы і на рамонт царквы апосталаў Пятра і Паўла ў г.п. Карэлічы. Год аказаўся няпростым у фінансавым плане, але ўдалося справіцца з праблемамі.

Адгукаюся на розныя прапановы аказаць дапамогу. Галоўнае, каб гэта ішло на карысць людзям. Вось яскравыя прыклады: да Дня Перамогі дапамаглі ў арганізацыі салодкага стала для  ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, да Першага верасня  для дзяцей з неблаганадзейных сем’яў — набыць школьныя прыналежнасціі, а жыллёва-камунальнай гаспадарцы — на ілюмінацыю гарпасёлка.

Дапамагаць людзям патрэбна, асабліва ў калядныя дні, калі ўсё і ўсюды набывае ўрачыстасць і святочнасць, і гэтую радасць павінны адчуць усе. Працягнуць руку дапамогі іншым —  гэта вялікая радасць, і трэба імкнуцца яе падарыць, у каго ёсць для гэтага магчымасць і хто гэта жадае зрабіць добры ўчынак.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Фота з архіва «Полымя»