Курэнне і спальванне смецця — асноўныя прычыны пажараў. На пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама разгледжана пытанне пажарнай бяспекі ў жылым сектары
На пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама разгледжана пытанне пажарнай бяспекі ў жылым сектары і прааналізаваны прычыны зваротаў грамадзян у райвыканкам.
Начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік адзначыў, што за 2022 год у раёне адбылося 27 пажараў, што на 13 менш, чым у мінулым. 88,9% пажараў адбылося ў жылым сектары. У 37% выпадкаў прычынамі ўзнікнення вогненных надзвычайных здарэнняў сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём (курэнне, спальванне смецця на прыдамавых участках), таксама ў 37% выпадкаў – парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў (выпадзенне вуглёў, перакал печы, эксплуатацыя катла не завадской вытворчасці), у 7,4% — парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (кароткае замыканне электраправодкі ў гаспадарчай пастройцы і кароткае замыканне электраправодкі халадзільніка), 11,1% — кароткае замыканне электраабсталявання аўтамабіля. Адзін пажар адбыўся з-за дзіцячага свавольства з агнём.
Складзены і сацыяльны партрэт віноўніка пажараў у раёне. У 67% выпадкаў гэта працаздольныя мужчыны, якія маюць сярэдні ўзрост 46 гадоў. У 28% выпадкаў віноўнікамі пажараў сталі жанчыны-пенсіянеркі, якія маюць сярэдні ўзрост 66 гадоў.
У мінулым годзе ахвярамі пажараў сталі трое мужчын, два з якіх курылі ў нецвярозым стане, адзін загінуў з-за выпаўшых з печы вуглёў.
Па словах начальніка РАНС, у раёне праводзіцца вялікая прафілактычная работа па недапушчэнні пажараў. Асаблівая ўвага надаецца грамадзянам, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне. Так, у 127 дамах адрамантаваны печы, у 26 – электраправодка, у 75 устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. У 16 дамах грамадзян, якія дасягнулі 80 гадоў, устаноўлены АПА з вывадам на святлогукавое ўстройства на суму 1,5 тыс. рублёў.
Да парушальнікаў пажарнай бяспекі прымяняюцца меры адміністрацыйнага характару. Так, 62 чалавекі аштрафаваны за курэнне ў ложку, за не падтрыманне АПА ў спраўным стане, за дзеянні, якія маглі прывесці да пажару, за эксплуатацыю няспраўных печаў.
Намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Ігар Болатаў, які прыняў удзел у пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама, падкрэсліў:
— Пытанне гібелі нашых грамадзян на пажарах і вадзе сёння стаіць востра. Так, у 2022 годзе ў Беларусі на пажарах загінула 627 чалавек і 390 патанула. Кожны з нас, службовых асоб, павінен памятаць, што менавіта ад нас залежыць здароўе і жыццё грамадзян з групы рызыкі: аматараў зазірнуць у бутэльку, людзей, якія маюць інваліднасць, а таксама пажылых, якія пражываюць адны.
Па словах намесніка міністра, кожны павінен задаць сабе пытанне: «А ці ўсё было зроблена для таго, каб прадухіліць бяду?»Злоўжываючым спіртным — зноў і зноў прапаноўваць прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці, наладзіць сваё жыццё, у пажылога чалавека лішні раз праверыць пячное ацяпленне і электраправодку, напісаць ліст яго дзецям, прапанаваць пражыванне ў доме-інтэрнаце або на сацыяльных ложках.
— Наша задача — працягнуць руку дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу, — рэзюмаваў намеснік міністра.
Загадчык сектара па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Наталля Высоцкая адзначыла, што ў 2022 годзе ў Карэліцкі райвыканкам паступіла 157 зваротаў, што на 33 менш, чым у мінулым. Людзей часцей за ўсё хвалююць пытанні рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду, будаўніцтва і рамонту дарог, добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. Усе гэтыя звароты знаходзяцца на пастаянным кантролі кіраўніцтва Карэліцкага райвыканкама. Своечасовае прыняцце неабходных мер спрыяе станоўчай дынаміцы зніжэння колькасці такіх зваротаў. Так, у 2022 г. выкананы капітальны рамонт жылых дамоў №1а па вул. Прытыцкага і №21 па вул. Савецкая ў г.п. Карэлічы. Таксама пабудавана аб’язная дарога вакол г. п. Мір. ДРБУ-158 выканаў бягучы рамонт дарог Райца-Цырын-Навасёлкі, Карэлічы-Валеўка-Навасёлкі, Карэлічы-Руціца-Амневічы, Ярэмічы-Пагарэлка-Новае Сяло, вуліцы Царука ў райцэнтры.
Асаблівая ўвага надаецца вырашэнню жыллёвага пытання грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Так, у мінулым годзе жылыя памяшканні ў інтэрнатах і арэндныя кватэры былі прадастаўлены сем’ям, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, маладым спецыялістам, якія прыбылі на працу ў арганізацыі раёна, асобам з ліку дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
23 шматдзетныя сям’і палепшылі свае жыллёвыя ўмовы шляхам будаўніцтва і набыцця жылых памяшканняў з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу. 7 сем’ям, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадастаўлены субсідыі на выплату асноўнага доўгу і часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам, прадастаўленым на будаўніцтва і рэканструкцыю жылых памяшканняў. 4 сям’і атрымалі льготныя крэдыты на капітальны рамонт жылых памяшканняў, адна сям’я — на газіфікацыю жылфонду. 55 сем’яў скарысталіся кампенсацыяй часткі расходаў на выкананне работ па электраацяпленні сваіх дамоў. Адной шматдзетнай сям’і прадастаўлена аднаразовая субсідыя на набыццё жылога памяшкання.
Раённая выканаўчая ўлада знаходзіцца блізка да народа: кіраўніцтва райвыканкама кожную сераду праводзіць прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях, ажыццяўляе выязныя прыёмы. У ходзе такіх прыёмаў выслухана 49 чалавек. Дадатковай формай працы з насельніцтвам з’яўляецца правядзенне «прамых тэлефонных ліній». У 2022 г. праведзена 51 суботняя «прамая лінія», на якія звярнулася 69 чалавек. Найбольш людзей хвалююць пытанні жыллёвага фонду і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і ўтрымання дарог, архітэктуры і будаўніцтва, гандлю і спажывецкага рынку, землеўпарадкавання і землекарыстання.
У службу «адно акно» райвыканкама ў мінулым годзе звярнулася 1803 чалавекі, што на 89 больш, чым у мінулым. Функцыі па прыёме і выдачы дакументаў па адміністрацыйных працэдурах на аснове заяўнага прынцыпу “адно акно” таксама выконваюць органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, органы загса, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, аддзел унутраных спраў і іншыя падраздзяленні райвыканкама.
Усяго за 2022 год структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама ажыццёўлена 4901 адміністрацыйная працэдура ў дачыненні да грамадзян і юрыдычных асоб, у 2021 г. – 4021.
Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца працэдуры ў сферах дакументавання насельніцтва і рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь (1586 заяў), транспарту (1152), рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (1149), працы і сацыяльнай абароны (1116).
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара