Лучший вратарь страны живет в Кореличах. Ксения Кузьмич первая не только в спорте, но и в учебе

Шасцікласніца сярэдняй школы № 1 райцэнтра Ксенія Кузьміч стала лепшым варатаром Рэспубліканскай спартакіяды дзіцяча-юнацкіх школ па гандболе, якая праходзіла ў канцы студзеня ў Мінску. У складзе каманды Гродзенскай вобласці дзяўчына пяць дзён абараняла вароты ад атак спартсменаў з Наваполацка, Баранавіч, Слуцка, Брэста, Гомеля, Мінска, каманды БНТУ.

Дзяўчына расказвае, што займаецца гандболам з трэцяга класа. Першым трэнерам стала Вольга Рэкун.

— Вялікая заслуга Вольгі Уладзіміраўны, што яна заўважыла Ксюшу і пачала з ёй працаваць, — кажа цяперашні трэнер Ксеніі Тамара Прохар.

За чатыры гады, пакуль Ксенія займаецца гандболам, яна не прапусціла ніводнай трэніроўкі. У дзяўчыны пяць заняткаў на тыдзень, але пры гэтым яна не забываецца пра вучобу і мае выдатныя адзнакі па вучэбных прадметах.

— Я ўсё паспяваю, — кажа Ксенія. — І гуляць у гандбол, і рабіць дамашнія заданні. Калі мы едзем кудысьці на гульню, бяру з сабой падручнікі, чытаю тое, што праходзяць у маю адсутнасць аднакласнікі.

Тамара Уладзіміраўна адзначае, што поспех дзяўчыны — гэта напалову поспех бацькоў, якія яе вельмі падтрымліваюць.

Ксенія расказвае, што на кожную гульню ідзе спакойна, не хвалюецца:

— Я ведаю, што ўсё будзе добра. Так я настройваю сябе перад кожным матчам.

Каманда Гродзенскай вобласці, у складзе якой выступала Ксенія, у барацьбе за тытул чэмпіёнак заваявала залатыя медалі. На працягу пяці дзён дзяўчына абараняла гандбольныя вароты Гродзеншчыны, за што і атрымала званне лепшай.

— Калі мне ўручалі ўзнагароду, адчувала радасць і хваляванне. Наўкола стаяла шмат людзей — дзевяць каманд з усёй краіны, прадстаўнікі кожнай вобласці, трэнер нацыянальнай зборнай, усе глядзелі на мяне, — дзеліцца эмоцыямі дзяўчына.

Віншуем Ксенію з такой высокай і пачэснай узнагародай і жадаем далейшых перамог!

Сяргей СТОЛЯР

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ