21 студзеня — Дзень роднай мовы. Карэліччане расказваюць, што для іх матчына слова
Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
Наша родная мова… Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кветка і, вядома, чалавек — усе маюць сваю мову. “Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця — гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам, ” — пісаў знакаміты Янка Купала. Родная мова — форма існавання і захавання народных традыцый, звычаяў, духоўных скарбаў, спосаб і сродак развіцця нацыянальнай культуры. Напярэдадні свята мы пацікавіліся ў тых, хто думае і разважае па-беларуску, што для іх матчына слова?
Святлана Шчука, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА ”Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы”:
– Матчына слова для мяне – гэта перш за ўсё роднае слова, беларускае слова. Гэта слова, якое я чула з самага дзяцінства з вуснаў сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль, аднавяскоўцаў, з цудоўных беларускіх казак, легенд і паданняў. Беларускай мовай я карыстаюся ў паўсядзённым жыцці: дома, на рабоце, у транспарце, магазіне. Лічу, што наша мова такая ж прыгожая, як і іншыя мовы: ласкавая, пяшчотная, мяккая, мілагучная, мудрая, самабытная. Такія азначэнні можна называць бясконца. Зразумела адно: мова – гэта своеасаблівы скарб, які застаўся нам у спадчыну. Вельмі важна ўмела ім карыстацца: граматна гаварыць на літаратурнай беларускай мове. Вось тады мы зможам адчуць сапраўдную прыгажосць матчынага слова. Заўважым, што кожнае слова мае сваё гучанне, сваё значэнне. І толькі таму, хто шчыра любіць і вывучае родную мову, адкрываюцца ўсе яе скарбы.
Канстанцін Петрыман, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Мірскі дзяржаўны каледж”:
— Матчына слова для мяне асабіста — галоўная нацыянальна-культурная адметнасць, якая дапамагае адчуваць сябе беларусам. Гэта сапраўдны скарб, які звязвае з пакаленнямі продкаў, прашчураў, тых людзей, што стварылі сённяшнюю Беларусь. Гэта сакральная аснова існавання нашай нацыі. Таму на словы народных песень так шчыра адгукаецца душа і сэрца кожнага з нас. А першыя нашыя песні — гэта матуліны калыханкі, якія разам з малаком маці давалі нам сілу і супакой, моц і разважлівасць. Таму вырачыся сваёй мовы — гэта значыць вырачыся і маці. А ці добра будзе жыць такі чалавек?
Сапраўды, якія прыгожыя беларускія словы! Якой пяшчотай і цеплынёй ад іх вее. Яны запаўняюць усё навакол нечым незразумелым, але такім жаданым і непаўторным. Наша мова прыгожая, самая пяшчотная, вольная, пявучая, вобразная, шчырая. Хочацца, каб часцей гучала наша “калі ласка”, бо мову родную, як і думку, нішто не можа стрымаць і абмежаваць.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара