У Карэліцкай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах падвялі вынікі работы за 2022 год і вызначылі задачы на новы

З інфармацыяй выступіў старшыня арганізацыі Аляксандр Кандрусік, які адзначыў, што работа летась была накіравана на зніжэнне гібелі людзей на вадаёмах раёна. У 2020-2021 г.г. гібелі грамадзян пры купанні не дапушчана, аднак летась здарыліся два няшчасныя выпадкі на вадзе.

Са станоўчага боку прамоўца адзначыў практыку правядзення дзіцячых сельскіх сходаў, якія накіраваны на прафілактыку дзіцячага траўматызму, правапарушэнняў і навучанне непаўналетніх правілам бяспечных паводзін на вадзе.

Супрацоўнікамі РАУС за купанне ў забароненых месцах прыцягнуты да адказнасці 28 чалавек, матросамі-выратавальнікамі Карэліцкага выратавальнага паста на возеры Юбілейнае выяўлены 84 парушэнні правіл паводзін на вадзе, большасць з якіх адбывался ў нецвярозым стане. Сумесна з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх падчас рэйдавых мерапрыемстваў на вадаёмах раёна сустрэлі больш за 40 дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў без суправаджэння дарослых. У большасці падобныя факты былі выяўлены на рэках Нёман каля аграгарадка Ярэмічы, Сэрвач — каля вёскі Крынкі і Беразавец і на рэчцы Уша каля вёскі Трашчычы.

У раёне налічваецца 51 пярвічная арганізацыя і 30 калектыўных членаў таварыства, колькасць якіх складае звыш 1700 чалавек.

Вызначаны накірункі далейшай работы таварыства. Старшыням пярвічных арганізацый трэба прыняць меры па паляпшэнні прафілактычнай работы, неабходнай арганізацыі выратавальных работ на водах, набыцці выратавальнага інвентару і наглядных дапаможнікаў.

Старшы спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Вольга Гаўрош адзначыла, што Карэліцкае раённае таварыства выратавання на водах працуе эфектыўна, праца выратавальнікаў з’яўляецца высакароднай, яны заўсёды на варце аховы здароўя дзяцей і дарослых. Вольга Анатольеўна ўручыла падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы актывістам таварыста. Яны былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі прэзідыума раённай арганізацыі выратавання на водах: Алена Клаўсуць (СВК «Свіцязянка-2003»), Эдуард Пацына (ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»), Аляксандр Кавалёў (Карэліцкі райЦГЭ), Віктар Плюта (ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»), Аляксей Нікіцін (УАЗ «Карэліцкая ЦРБ»).

За вялікі ўклад у праводзімую работу па ахове жыцця людзей на водах раёна аб’яўлена падзяка старшыням сельгаспрадпрыемстваў Віктару Маковіку (СВК «Маяк-Заполле») і Дзмітрыю Янкоўскаму (СВК «Жухавічы»), дырэктару Мікалаю Гавіне (КСУП «Лукі-Агра»), кіраўнікам навучальных устаноў раёна: Таццяне Шаплыка («Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай»), Алене Вярбіцкай («Сярэдняя школа г.п. Карэлічы»), Вікенцію Браніцкаму («Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»), Наталлі Бурак («Красненская сярэдняя школа»), Галіне Бухавец («Аюцавіцкая базавая школа»), галоўнаму рэдактару ўстановы «Рэдакцыя газеты «Полымя» Іне Лейка, спецыялісту сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Вользе Чубрык.

Дэлегатам на ХІV з’езд рэспубліканскага савета таварыства выратавання на водах абраны старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Аляксандр Кандрусік.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ