На планерке у председателя: мелиорированные земли в сельхозоборот, аварийные деревья под топор

У бягучым годзе амаль тысяча гектараў зямель у раёне пасля правядзення меліярацыі будзе ўцягнута  ў сельгасабарот. Пра гэта паведаміў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на аператыўнай штотыднёвай нарадзе.

— 11 лістапада 2022 года на рэспубліканскай нарадзе па аднаўленні і выкарыстанні меліярацыйных зямель Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Кожны кавалак зямлі павінен быць выкарыстаны на карысць краіны», — нагадаў старшыня райвыканкама. — Распараджэнне кіраўніка дзяржавы мы выканаем. Бо чым большыя плошчы сельгасугоддзяў, тым большы прыбытак у казне сельгаспрадпрыемства, а значыць пацяжэюць кашалькі нашых людзей.

Па словах кіраўніка раёна, на Карэліччыне будуць прадоўжаны работы па ачыстцы абочын і прыдарожных палос ад аварыйных дрэў і хмызняку. Пачатак добраўпарадкаванню ўжо пакладзены на ўчастку дарогі Лядкі-Пагарэлка.

Не за гарамі пачатак сельскагаспадарчых палявых работ. Генадзій Шатуеў яшчэ раз нагадаў аб няўхільным захаванні тэхналогій пры правядзенні пасяўной. Яму далажылі аб ступені гатоўнасці сельгастэхнікі. Так, трактары гатовыя да выхаду ў поле на 88%, плугі — 91, бароны — 87, культыватары — 83, збожжавыя сеялкі — 73, сеялкі для цукровых буракоў і кукурузы — 74.

У гэтым годзе аб’ём нарыхтаваных угнаенняў перавышае леташні. Так, пад яравую сяўбу маецца 53% мінеральных угнаенняў, у тым ліку азоту — 47, фосфару — 25, калію — 74. Нарыхтавана 76% арганічных угнаенняў, вывезена — 89, унесена — 33.

Іна ЛЕЙКА