Руководство Кореличского района приняло участие в очистке дороги Лядки-Погорелка от аварийных деревьев (+видео)

Працоўная акцыя па навядзенні парадку ў Карэліцкім раёне пачалася з расчысткі дарогі Лядкі-Пагарэлка ад аварыйных дрэў і хмызняку. Удзел у акцыі прыняло больш за сорак чалавек, сярод якіх і раённая адміністрацыя.

Па словах старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева, мэта акцыі — паказаць, што разам, адзіным калектывам можна крок за крокам зрабіць раён прыгажэйшым.

— Работа, праведзеная на гэтым участку дарогі, дасць шмат плюсаў, — кажа кіраўнік раёна. — Па-першае, мы навядзём парадак на дарозе, яе будзе зручней даглядаць, абкошваць абочыны. Па-другое, мы дапаможам работнікам камунгаса ў нарыхтоўцы ацяпляльнай шчапы на наступную зіму. Самае галоўнае, што сённяшняя акцыя павінна стаць прыкладам для ўсіх жыхароў Карэліцкага раёна не сядзець на месцы, а прыняць удзел у навядзенні парадку ў сваім населеным пункце.

Па словах старшыні райвыканкама, сённяшняя акцыя не разавая. Работы працягнуцца ў панядзелак на дарозе Даўгінава-Першамайскі. Не завершаны работы па вырубцы расліннасці ўздоўж дарогі на Лядкі, якая была заасфальтавана ў мінулым годзе

— Планы па добраўпарадкаванні на гэты год вельмі сур’ёзныя, — кажа Генадзій Шатуеў. — Мы ўзялі на сябе вялікія абавязкі, як і кожная гаспадарка, чые работнікі наводзяць парадак на сваёй тэрыторыі. Да прыкладу можна прывесці ДП “Чарняхоўскі-Агра”, якія акультурылі шмат вадаёмаў уздоўж дарогі Карэлічы-Мір.

Аматарам прыроды не варта хвалявацца за спіленыя ў час акцыі дрэвы і кустоўе. Штогод у Карэліцкім раёне праводзіцца высадка новых раслін. Так, за 2022 год было высаджана 300 тысяч дрэў і 100 тысяч кустарнікаў, за 2021 — 370 тысяч дрэў і 100 тысяч кустарнікаў.

Сяргей СТОЛЯР

Фота і відэа аўтара