Што карэліччане думаюць аб утварэнні беларускай партыі «Белая Русь»?

Пётр НАВУМОВІЧ,

старшыня Ярэміцкага сельскага выканаўчага камітэта:

— У Год міру і стварэння вельмі важна разумець, што мы павінны захаваць мір і ўсё зрабіць дзеля росквіту краіны. Народу і дзяржаве патрэбна быць разам, каб абараніць яе рубяжы і нацыянальныя інтарэсы.

Мы павінны глядзець у заўтрашні дзень. Новая партыя «Белая Русь» будзе на карысць нашай сістэме, дзе аснова з асноў — клопат пра чалавека. І калі ў яе рады будуць уваходзіць прадстаўнікі  розных галін народнай гаспадаркі і з розных куткоў нашай дзяржавы, а яны ж лідары на месцах, то змогуць данесці думкі яе жыхароў да грамадскага абмеркавання. Пытанні будуць вырашацца, а краіна рухацца наперад.

 

Святлана ВАРАВА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Райцаўская сярэдняя школа»:

— Стварэнне новай палітычнай партыі лічу вельмі карысным і запатрабаваным пытаннем. Гэта магчымасць больш шырока і маштабна, на новым узроўні абараняць грамадскія, народныя і дзяржаўныя інтарэсы. Будучае нашай краіны — у руках маладых. І ад таго, наколькі сёння яны ўсведамляюць важнасць гэтай фразы, залежыць, як будзе развівацца Беларусь, па якім шляху мы пойдзем.

Стварэнне партыі «Белая Русь» дазволіць аб’яднаць людзей, нераўнадушных да лёсу сваёй краіны, якія не баяцца падзяліць груз адказнасці за сваю родную зямлю. Членамі партыі стануць дастойныя людзі, якія будуць умацоўваць пазіцыі дзяржавы.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Фота з архіва «Полымя»