У Карэлічах ідэолагі раёна абмеркавалі забеспячэнне ваеннай бяспекі і іншыя актуальныя праблемы
15 лютага ў аддзеле культуры і вольнага часу «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры» ідэолагі раёна сабраліся на семінар-вучобу пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенкі.
Сустрэча насіла інфармацыйны характар і была прысвечана тэмам рознагаліновых накірункаў. Пытанне нумар адзін — «Забеспячэнне ваеннай бяспекі — важнейшы фактар развіцця Рэспублікі Беларусь у сучасных умовах» (да 105-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь). Па тэматыцы адзінага дня інфармавання слова трымаў начальнік адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін. Прамоўца прааналізаваў асаблівасці сучаснай ваенна-палітычнай абстаноўкі ў краіне і за яе межамі паведаміў пра агульную структуру Узброеных Сіл, нагадаў аб правядзенні вучэнняў у раёне па тэрытарыяльнай абароне. Пры гэтым успомніў словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: «Калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны… Мы ўжо ў пяты раз, напэўна, мадэрнізуем свае Узброеныя Сілы, прыстасоўваючыся да той абстаноўкі, якая складваецца… Бяром урокі з войнаў і канфліктаў, якія адбываліся і адбываюцца на планеце.»
Сяргей Аляксандравіч засяродзіў увагу і на пытанні інфармацыйнай вайны ў сацыяльных сетках. «Трэба абараняць не толькі межы дзяржавы, але і інфармацыйную прастору», — падкрэсліў прамоўца.
Актуальнымі на сучасным этапе з’яўляюцца і дадатковыя тэмы адзінага дня інфармавання. Аб п’янстве на рабочых месцах і прафілактыцы траўматызму вёў гутарку начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Віктар Зінчанка, які заклікаў весці барацьбу з гэтым злом і тэлефанаваць у міліцыю — праваахоўнікі прыедуць на месца здарэння.
Начальнік часці № 1 Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Гушча, паведамляючы аб неасцярожным курэнні, тонкім лёдзе і палах сухой расліннасці, заклікаў устанаўліваць у жылых дамах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, выходзіць на лёд пры яго таўшчыні больш за 7 сантыметраў, а спальваць смецце ў сухое надвор’е і захоўваць адпаведныя правілы.
Падчас правядзення нарады Нэлі Маісеенка адзначыла: «Калі ёсць армія, то краіна гатовая даць адпор. Да прызыву трэба адносіцца як да важнай і патрэбнай справы». Супрацоўнікаў праваахоўных органаў і пажарнай службы раёна заклікала быць частымі наведвальнікамі ў працоўных калектывах, каб данесці яе работнікам праўдзівую інфармацыю з першых вуснаў.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ