У Карэлічах адкрылі выставу работ удзельнікаў гуртка разьбы па дрэве «Не проста цясляр» рэлігійнай абшчыны Евангельскіх хрысціян-баптыстаў

У выставачнай зале Карэліцкага РЦКіНТ адбылося адкрыццё выставы работ удзельнікаў гуртка разьбы па дрэве «Не проста цясляр» рэлігійнай абшчыны Евангельскіх хрысціян-баптыстаў.

Напярэдадні правядзення падзеі гутару з загадчыкам аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» Юліяй Баярэнка. Юлія Аляксандраўна  тлумачыць, што такога роду выставы — дадатковая магчымасць заахвоціць дзяцей да творчасці, паказаць свае ўменні, і гэта адзін са спосабаў арганізаваць іх вольны час.

«З даўніх часоў людзі займаліся разьбой па дрэве, і сёння мы бачым, што ёсць прадаўжальнікі гэтай справы. Гэта, безумоўна, радуе»,  — адзначае падчас адкрыцця выставы галоўны спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Вольга Гаўрош і жадае дзецям поспехаў у добрых пачынаннях.

— Разьба па дрэве — самы старажытны спосаб аздаблення вырабаў з драўніны,  — апавядае далей вядучая сустрэчы Рыта Ганікевіч. —  Разьбой упрыгожвалі драўляныя хаты, мэблю і посуд, ткацкія станкі і калаўроты. У даўніну любы арнамент з’яўляўся не столькі дэкаратыўным элементам, колькі ўвасабляў у сабе цэлую сістэму знакаў і своеасаблівых кодаў. Дрэва з’яўляецца сімвалам жыцця роду: карані дрэва — продкі, ствол — сучаснікі, крона — будучыя пакаленні.

У сваім прывітальным слове кіраўнік гуртка разьбы па дрэве «Не проста цясляр» Аляксей Дзмітровіч гаворыць пра тое, што экспанаты на выставе зроблены рукамі дзяцей. Рэчы розныя, і ў кожнай свая гісторыя. Сама назва гуртка сведчыць пра тое, што тут не толькі вучацца майстэрству, а абмяркоўваюць актуальныя тэмы быцця за кубачкам гарбаты.

Пра сябе Аляксей Валер’евіч паведаміў, што напачатку рамяство было для яго захапленнем, затым перарасло ў прафесію. Цяпер майстар задаволены, што можа працаваць з дрэвам і гэтым забяспечваць сям’ю,  перадаваць свае навыкі дзецям.

У гурток «Не толькі цясляр» дзяўчынак і хлопчыкаў прымаюць у рознаўзроставыя групы: адна — 6-12 гадоў, другая —  з 12 гадоў і старэйшых.

Адзін з наведвальнікаў выставы, жыхар райцэнтра Аляксандр Заблоцкі падзяліўся сваімі меркаваннямі: «Вельмі добра, што маладое пакаленне займаецца ў гуртку і гэтым  прадаўжае традыцыі нашых продкаў і майстроў па дрэве. Для дзяцей гэта вельмі добрае захапленне, якое яны змогуць увасобіць на працягу жыцця ў хатніх справах».

Слова — удзельнікам гуртка

Ягор ШАХРАЙ:

— Некалькі месяцаў як наведваю гурток «Не толькі цясляр». Ужо зрабіў падстаўку пад тэлефон. Мне дапамагалі ў гэтай справе мае сябры з гуртка. Хачу навучыцца рабіць розныя рэчы, бо гэта цікава і захапляюча.

Паліна ДЗМІТРОВІЧ:

— Чатыры гады займаюся ў гуртку. Сярод маіх вырабаў  — падсвечнікі і кухонныя дошкі. Мне дапамагаў мой тата, ён жа кіраўнік гуртка. Лічу, што нашы заняткі прыносяць шмат карысці: развіваюць маторыку, і тут сустракаеш сяброў.

Аляксандра МАРУК:

— Мой брат Арцём наведваў гэты гурток і параіў мне. Першае ўражанне: было вельмі цікава, бо рабяты працуюць на розных дрэваапрацоўчых  станках. Першы мой выраб — кухонная лапатка, затым рабіла падстаўкі для чайніка, драўляныя лыжкі і іншае.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА