Намеснік галоўнага ўрача Карэліцкай ЦРБ Дар’я Нячай у інтэрв’ю журналісту «Полымя» расказвае пра вучобу, працу і адпачынак

Па выніках 2022 года на раённай Дошцы гонару змешчаны партрэты тых, хто сваёй плённай працай рабіў усё, каб жыццё ў раёне было лепшым. Сярод выдатных людзей Карэліччыны можна знайсці і прозвішча намесніка галоўнага ўрача Карэліцкай ЦРБ Дар’і Нячай, з якой мы пагаварылі пра вучобу, працу і адпачынак.

— У дзявятым класе ў мяне з’явілася жаданне стаць урачом, — расказвае дзяўчына. — Любіла глядзець фільмы і серыялы пра медыцыну, захаплялася дзеяннямі медыкаў. З дзяцінства ведала, што ад іх залежыць жыццё чалавека. Для мяне ўрач — вельмі важная і адказная праца, і мне хацелася дапамагаць людзям.

Да паступлення ў медыцынскі рыхтавался грунтоўна:

— Пачала займацца з рэпетытарам, да позняга вечара чытала падручнікі дома. І ў выніку паступіла па мэтавым накіраванні ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Будучы студэнткай, працавала медыцынскай сястрой у аддзяленні сківічна-тварнай хірургіі   ўніверсітэцкай клінікі, а пасля заканчэння прыехала працаваць у Карэліцкую ЦРБ.

Выбар спецыяльнасці “неўролаг” Дар’я тлумачыць так:

— Пасля чацвёртага курса я прыехала на практыку ў Карэлічы, у аддзяленне, дзе працавала Ларыса Мікалаеўна Малінковіч. Я выконвала з ёй абход хворых з неўралагічнымі паталогіямі. Мне гэта падалося вельмі цікавым, і з таго моманту вырашыла, што буду неўролагам.

Малады ўрач расказвае, што першы год пасля размеркавання яна працавала на прыёме ў паліклініцы, затым яе перавялі ў стацыянар, у тэрапеўтычнае аддзяленне. Цяпер дзяўчына сумяшчае працу неўролагам у стацыянары і пасаду намесніка галоўнага ўрача.

— Ці праўду кажуць, што ўрач забываецца аб сабе і ўвесь час аддае сваім пацыентам?

— Згодна з гэтым поўнасцю. Я не звяртаю ўвагі на свае праблемы. Работа са мной і ў бальніцы, і дома. Пра сваё здароўе клапачуся меней, чым пра здароўе пацыентаў. Калі іду дадому, усё роўна думаю пра хворых і, бывае, позна вечарам тэлефаную ў аддзяленне нешта ўдакладніць.

— Ці ёсць хтосьці ці штосьці, што дапамагае адпачыць, абстрагавацца ад працы?

— Занялася вывучэннем англійскай мовы, абстрагуюся падчас заняткаў. Але самы найлепшы памочнік — гэта мой сабака Гарык. Разам з ім я магу адпачыць, думаць аб чым-небудзь іншым,  акрамя працы. Адбываецца своеасаблівая “разрадка”.

— Хутка свята жанчын. Успомніце, калі ласка, як Вы радавалі сваю матулю на гэтае свята?

— Заўжды лічыла, што на свята неабходна што-небудзь падарыць, хоць якую-небудзь дробязь, але аказаць чалавеку ўвагу. А яшчэ я любіла маляваць і выразаць паштоўкі, таму ўвесь час дарыла самаробныя паштоўкі.

— Што Вы хацелі б пажадаць зямлячкам напярэдадні Міжнароднага дня жанчын?

— Здароўя, кахання і дабрабыту, простага шчасця, што дарыць нам сілы для пачатку новага дня.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара