Цырульнік Карэліцкага УКП БАН Маргарыта Буцкевіч – сапраўдны творца і стваральнік індывідуальнага вобраза

Аб прафесіі цырульніка ведалі яшчэ нашы старажытныя продкі. У розныя часы і ў розных краінах прадстаўнікі гэтай прафесіі   называліся па-рознаму.  Акрамя стрыжкі і ўкладкі валасоў,  яны займаліся галеннем, манікюрам, а нярэдка выконвалі няхітрыя медыцынскія працэдуры.  У наш час спецыялізацыя цырульнікаў звузілася – цяпер яны займаюцца пераважна прычоскамі. Гэтая прафесія была і будзе жыццёва неабходнай, таму што ў кожным з нас закладзена імкненне да прыгажосці і догляду за сабой. 

Стаць цырульнікам было самай запаветнай марай Маргарыты Буцкевіч.  Яна лічыць,  што цырульнік – гэта творца і стваральнік індывідуальнага вобраза, памочнік у раскрыцці душы чалавека і яго свету. Яна заўсёды з вялікім задавальненнем рабіла прычоскі сяброўкам і лялькам.  І ёй удалося ажыццявіць мару.  Атрымаўшы дакумент аб адукацыі,  праз пэўны час яна стала кваліфікаваным спецыялістам, майстрам-універсалам.

– Маё дзяцінства і юнацтва прайшло ў г.п. Мір. Жаданне навучыцца майстэрству стрыжкі і прычоскі  з’явілася ў мяне яшчэ ў дзіцячым узросце. Скончыўшы навучальную ўстанову, атрымала  прафесійную адукацыю ў Баранавіцкім прафесійна-тэхнічным каледжы сферы абслугоўвання па спецыяльнасці цырульнік-візажыст.  Вучыцца было цікава. Стрыглі нажніцамі, электрычнай машынкай, рабілі прычоскі, завіўкі, навучаліся асновам афарбоўвання. Першымі мадэлямі былі  сяброўкі і знаёмыя.  Адразу пасля вучобы  з 2008 года набіралася вопыту працуючы ў цырульні “Гламур”,  а з 2013 года  стала працаваць ва УКП БАН,  – расказвае майстар і працягвае: – Я апынулася ў цудоўным калектыве сярод добрых, спагадлівых работнікаў. Праца наша нялёгкая, але гэта творчая прафесія. Мы кожны дзень ствараем новыя  вобразы. Асноўная мэта работы –   кліент  павінен застацца  задаволеным.  Неабходна пастрыгчы наведвальніка так, каб ён пайшоў са шчаслівай усмешкай і  наступны раз прыйшоў за пазітыўнымі эмоцыямі.  У нейкай меры мы з’яўляемся і псіхолагамі.  Некаторыя людзі ў працэсе стрыжкі пачынаюць  гутарку. У гэтым выпадку складаем гаваркім наведвальнікам кампанію. А калі да нас прыводзяць маленьніх дзяцей, якія  не маюць ніякага жадання стрыгчыся, то даводзіцца браць на сябе ролю і выхавальніка,  і дарадцы.

У кожнай прафесіі ёсць свае тонкасці і нюансы. Цырульную справу можна назваць відам мастацтва. Стыль, прыгажосць, шарм — гэтыя і мноства іншых эпітэтаў можна прымацаваць да выніку працы майстра. А яшчэ неабходна адзначыць, што, акрамя акультурвання вонкавага аблічча, стрыжка паляпшае кровазабеспячэнне галавы, “абнаўляе” чалавека, ды і проста дорыць добры настрой. Нездарма псіхолагі кажуць, што, калі ў вас дэпрэсія – займіцеся пакупкамі або схадзіце ў цырульню.

Але, акрамя працы,  у  Маргарыты ёсць яшчэ і сям’я – муж Дзмітрый, які працуе на ААТ “Карэлічы-Лён”,  трынаццацігадовы сын  Раман і дзевяцігадовая дачушка Мілана.

– Даць адукацыю, выхаваць дзяцей – гэта вельмі адказная ноша. І я стараюся зрабіць усё, каб дзеці выраслі разумнымі, адукаванымі і ні ў чым не мелі патрэбы. Праца сёння, вядома, займае вялікае месца, – трэба  жыць, гадаваць  дзетак, але гэта прыемныя клопаты,  яны наша будучыня.  У працоўнай дзейнасці кіруюся адным прынцыпам: галоўнае, каб наведвальнік сказаў мне “дзякуй” і на твары ў яго была ўсмешка. Калі гэтыя пастулаты выкананы, то значыць сваю справу я зрабіла добра.  У наш няпросты час хочацца, каб людзі часцей усміхаліся, — такімі словамі скончыла гутарку  сціплая, абаяльная суразмоўніца.

Я не абмежавалася асабістым аповедам гераіні апавядання і пацікавілася ў яе калегі Ганны Логіш, што яна думае аб працаўніку, якога многія карэліччане ведаюць у твар. І вось што яна сказала:

– Адразу відаць, што наша Маргарыта любіць сваю работу. Яна з усмешкай сустракае наведвальнікаў,  ветлівая, заўсёды знаходзіць агульную мову з кліентамі.  Усе, хто трапляе ў крэсла цырульніка,  розныя, і да кожнага неабходна знайсці свой падыход.  Я ведаю некаторых жыхароў райцэнтра, якія прыходзяць рабіць стрыжку менавіта да гэтага майстра, а гэта пацвярджае высокі ўзровень яе прафесіяналізму і майстэрства. Яна выдатны суразмоўца, заўсёды дапаможа і акажа падтрымку ў вырашэнні нейкіх праблем. Маладая жанчына  карыстаецца павагай, яна кампетэнтная ў многіх пытаннях. Я вельмі рада, што мы члены адной каманды.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара