Чаму мы баімся старэць, калі можам жыць паўнацэнным жыццём?
Як толькі не называюць жыццё на пенсіі: і восенню жыцця, і залатым узростам. Але чаму саромеемся гаварыць пра старасць? Некаторым жа было адмоўлена ў гэтым: так і не дачакаліся яе прыходу — нябёсы забралі ў маладым узросце.
У кожнага свае меркаванні пра надыход старасці. Некаторыя адчуваюць сябе ніякавата ў сорак-пяцьдзясят, а іншыя нават у семдзясят-восемдзясят застаюцца маладымі душой. У гутарцы адзін з пенсіянераў прызнаўся ў тым, што «адчувае сябе, як у трыццаць пяць». Як вядома, у такім узросце душа прагне новага і нязведанага. Мой знаёмы таксама ў пошуку карысных і цікавых захапленняў, якія марыць ажыццяўляць на заслужаным адпачынку.
Мне часта даводзіцца сустракацца з людзьмі сталага ўзросту, якія вядуць актыўны лад жыцця. Акрамя таго, яны дзеляцца сакрэтамі свайго даўгалецця з чытачамі раённай газеты, і хочацца верыць, што іх парады камусьці пайшлі на карысць.
Карэліччане наведваюць гурткі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Яны вельмі задаволены і ўдзячныя іх кіраўнікам. Пенсіянеры знаходзяць заняткі для душы і сустракаюць новых сяброў — і жыццё на заслужаным адпачынку набывае новы сэнс.
Сапраўды, у залатога ўзроста ёсць свае плюсы. Мы можам зрабіць свой выбар — і займацца любімай справай, пра якую даўно марылі. Можна падарожнічаць і даведвацца шмат цікавага. Прысвяціць сябе выхаванню ўнукаў і ад гэтага атрымліваць вялікае задавальненне. Хтосьці вырашае, што будзе проста жыць і радавацца новаму дню, і ад гэтага будзе шчаслівым. А яшчэ старасць — гэта вопыт і мудрасць, і добрыя парады камусьці змогуць спатрэбіцца, і можна будзе рэалізаваць свае веды ў пэўных накірунках.
Чаму ж тады мы баімся старэць, калі можам жыць паўнацэнным жыццём? А яшчэ можам прадаўжаць працаваць, калі ў нашых прафесійных навыках маюць патрэбу і ў нас ёсць жаданне гэта рабіць. Займацца дабрачыннасцю і дарыць цеплыню сваіх сэрцаў людзям. Пісаць раманы і складаць вершы — самы час прысвяціць сябе творчасці. Быць каханымі і самім кахаць, бо ніхто не адмовіцца ад шчасця. І гэты пералік можна прадаўжаць…
І ўсё ж залаты ўзрост — гэта здорава. Па-першае, калі ты здаровы ці нячаста наведваеш аптэку. Па-другое, калі не адзін, і пра цябе клапоцяцца родныя і блізкія. Па-трэцяе, калі ў цябе самога ёсць жаданне жыць, а не дажываць. Жыццё трэба любіць у любым узросце, бо яно цікавае, змястоўнае, захапляючае.
Вядучая праекта Галіна СМАЛЯНКА