Вучаніца СШ №2 г.п. Карэлічы Дар’я Качан стала ўдзельніцай тэлевізійнага праекта “Я ведаю!”
21 лютага ў тэлевізійным праекце “Я ведаю!” прыняла ўдзел вучаніца дзясятага класа ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Дар’я Качан. На сталічным тэлебачанні дзяўчыну падтрымлівала настаўнік хіміі Ганна Гавака.
Тэлеперадача “Я ведаю!” на канале “Беларусь-1” з’яўляецца сумесным праектам Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У ёй маюць магчымасць удзельнічаюць самыя кемлівыя, знаходлівыя і эрудзіраваныя школьнікі краіны, якія дэманструюць не толькі дакладныя веды па вучэбных прадметах, але і шырокі кругагляд, лагічнае мысленне, інтуіцыю і цудоўную рэакцыю. Шоу збірае лепшых з лепшых. І толькі самыя актыўныя і таленавітыя знаўцы змагаюцца за перамогу ў сваёй узроставай катэгорыі на тэлевізійнай перадачы. Некаторыя юныя карэліччане ўжо спрабавалі свае сілы ў гэтай гульні.
Калі паўстала пытанне аб кандыдатуры для ўдзелу ў сёлетнім праекце, настаўнікі сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы прынялі рашэнне: сярод навучэнцаў дзясятых класаў абавязкова павінна паспрабаваць свае сілы Дар’я Качан.
– Даша – вучаніца вельмі стрыманая, выхаваная і тактоўная, – расказала настаўнік хіміі Ганна Аляксандраўна Гавака. – Звяртае на сябе ўвагу ўсебаковай эрудыцыяй, цікавіцца ўсімі школьнымі прадметамі, але самы любімы – хімія. Яна нават думае ў будучым звязаць з ёй жыццё. Усебаковыя веды рэгулярна пацвярджаюцца добрымі адзнакамі.
Сама ж Дар’я падзялілася, што ёй даўно вядомая гэтая праграма, хоць пільна не сачыла за абнаўленнямі выпускаў і навінкамі. Але тое, што будзе прымаць у ёй удзел, было вельмі нечаканай і спантаннай навіной. На здымкі ў сталіцу Беларусі дзяўчына адправілася разам з настаўніцай Ганнай Аляксандраўнай.
– Калі мы прыехалі ў тэлестудыю, нас прынялі вельмі гасцінна і добразычліва, – успамінае той дзень Дар’я. – Хоць для мяне гэта быў першы падобны вопыт, але я амаль што не хвалявалася. Здымкі праходзілі ў студыі “Беларусьфільм”. Грым, камеры, мноства дубляў – усё, як у сапраўдных тэлезорак. Гульня атрымалася азартнай, супернікі падабраліся моцныя. Сустрэча і знаёмства з вядучымі шоу прайшлі на пазітыве: яны жартавалі, падбадзёрвалі, стараліся зрабіць так, каб юныя ўдзельнікі атрымалі задавальненне ад гульні. Наогул, аўтары праекта “Я ведаю!” рыхтуюць мноства займальных і крэатыўных заданняў, для вырашэння якіх трэба не толькі добрае веданне школьнай праграмы, але і агульная дасведчанасць, здольнасць арыентавацца ў розных галінах навукі. На праекце я пазнаёмілася і пасябравала з рабятамі з розных куткоў краіны. Гэта таксама цудоўна.
Падчас гульні Дар’я прадэманстравала не толькі сваю эрудыцыю, але і ўменне лагічна і паслядоўна тлумачыць выбар адказаў. Ёй не хапіла рашучасці і ведаў па некаторых галінах навукі для таго, каб дайсці да фіналу. Але паездка ў Мінск і ўдзел у інтэлектуальным праекце пакінулі ў яе добры зарад бадзёрасці і масу незабыўных уражанняў. А на пытанне, ці хацела б яна яшчэ раз прыняць удзел у тэлепраграме, дзяўчына адказала станоўча, бо лічыць, што гэта своеасаблівае развіццё і несумненна цікавы і карысны вопыт.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара