Кражи имущества, кибермошенничество и преступления в состоянии опьянения: начальник Кореличского РОВД Алексей Гаврош рассказывает об итогах работы отдела за год
4 сакавіка прафесійнае свята ў прадстаўнікоў адной з самых адказных і небяспечных прафесій. У складаных сучасных умовах, днём і ноччу міліцыянеры вядуць бескампрамісную барацьбу са злачыннасцю. Спакой нашых грамадзян, парадак на нашых вуліцах у надзейных руках. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў прафесійна выконваюць свой абавязак і робяць усё неабходнае, каб жыхары Карэліччыны спакойна жылі, працавалі і адпачывалі.
Напярэдадні Дня міліцыі журналіст раённай газеты пагутарыў з начальнікам Карэліцкага РАУС Аляксеем Гаўрошам.
— Аляксей Іванавіч, якім выдаўся мінулы год і з якімі вынікамі райаддзел падышоў да свайго прафесійнага свята?
— У выніку зладжанай і мэтанакіраванай работы ўсяго калектыву стан законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна хвалявання не выклікае. Усе запланаваныя мерапрыемствы ў мэтах барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй былі рэалізаваны і спрыялі паляпшэнню крымінагеннай абстаноўкі. У агульнай структуры адзначаецца зніжэнне агульнай колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх (з дзесяці да пяці) рэцыдыўных злачынстваў. Таксама адзначаецца зніжэнне колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя ў сферы сямейна-бытавых адносін.
Але, на жаль, на 14 павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у стане ап’янення, на чатыры – па лініі крымінальнага вышуку.
— Раскажыце, калі ласка, аб асноўных напрамках работы райаддзела міліцыі.
— Значная ўвага адводзіцца прафілактычнай рабоце. Рашэннем Карэліцкага райвыканкама зацверджана Комплексная праграма па прафілактыцы правапарушэнняў на тэрыторыі раёна. У любы час сутак на тэрыторыі раёна працуюць нарады міліцыі, яны могуць аператыўна рэагаваць на паведамленні, якія паступаюць. З тымі, хто раней быў асуджаны, увесь час праводзіцца работа па іх працаўладкаванні. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце з непаўналетнімі знізілася колькасць правапарушэнняў, якія здзейснілі падлеткі. Супрацоўнікаў ведаюць у кожнай навучальнай установе, таму што яны там частыя госці.
— Якія найбольш вострыя праблемы турбуюць райаддзел сёння?
— Па-ранейшаму асноўным відам злачынстваў, якія здзяйсняюцца на тэрыторыі раёна, застаюцца крадзяжы. У мінулым годзе агульная колькасць павялічылася з 56 да 66. Складанасць у іх прафілактыцы заключаецца ў тым, што значная колькасць пацярпелых — гэта дачнікі, якія пражываюць у Мінску ці іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках.
— У апошнія гады ўсё часцей даводзіцца чуць пра кіберзлачынствы. Якое становішча ў нашым раёне?
— Неабходна адзначыць, што насельніцтва стала больш абачлівым. Так, на тэрыторыі раёна ў 2022 годзе колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій зменшылася з 20 да 13, як бачым, зніжэнне значнае. Гэта ўсё дзякуючы сістэмнай растлумачальнай рабоце супрацоўнікаў РАУС, якія на сустрэчах з працоўнымі калектывамі расказваюць пра розныя схемы, якія выкарыстоўваюць зламыснікі.
— У ваша прафесійнае свята давайце пагаворым аб калектыве райаддзела — людзях, якія служаць на карысць усіх нас.
— Калектыў працаздольны, згуртаваны. Супрацоўнікі нацэлены на эфектыўнасць работы па папярэджванні злачыннасці, імкнуцца задзейнічаць усе магчымасці і заўсёды гатовыя да павышэння прафесійнага ўзроўню. Дастатковым вопытам і прафесіяналізмам валодаюць начальнік штаба РАУС маёр міліцыі Аляксей Кот, старшы інспектар групы кадраў маёр міліцыі Аляксандр Шыдлоўскі. Сярод маладых, якія падаюць вялікія надзеі, — малодшыя сяржанты міліцыі Ілья Мартынчук і Аляксей Мароз, на іх раўняюцца маладыя ўчастковыя інспектары міліцыі Сяргей Развадоўскі і Алег Заблоцкі. Аўтарытэтам у калектыве карыстаюцца маёры міліцыі Арцём Іванчык і Віктар Зінчанка. Не так даўно служаць, але ўжо даказалі сваю прафпрыгоднасць маладыя супрацоўнікі старшы лейтэнант міліцыі Раман Шнок, лейтэнанты міліцыі Анастасія Чартко і Анастасія Палуян.
Радуе і абнадзейвае тое, што за доўгія гады ў райаддзеле склалася сапраўдная дружная каманда з ліку аднадумцаў, якіх не палохаюць ніякія цяжкасці. Іх адрозніваюць высокая патрабавальнасць да сябе, адказнасць, самакантроль, эрудзіраванасць.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара